Беларускі марафонец: Хачу прабегчы марафон на Паўночным полюсе, Антарктыдзе

Еўрарадыё: У юнацтве вы прафесійна займаліся боксам, а ў 42 гады раптоўна сталі марафонцам…

Аляксандр Супрановіч: Сапраўды, боксу я аддаў 10 гадоў і ўжо ў 21 год быў майстрам спорту СССР.  Але ў 24 гады сышоў з вялікага спорту — зразумеў, што рынгам сям’ю не пракорміш. Стаў звычайным фізкультурнікам — падтрымліваў форму для здароўя, пакуль у 40 гадоў не паглядзеў фільм з Дасцінам Хофманам “Марафонец”. Глядзеў я гэты фільм, як галоўны герой бегае па Нью-Ёрку, Цэнтрал парку, і думаў: а чаму б і мне не стаць марафонцам? І пачаў трэніравацца. Паўгода штодня бегаў па 10 кіламетраў. А потым прыехаў у Грэцыю на адпачынак і не вытрымаў — у адзін з дзён узяў таксі, адмераў 21 кіламетр 100 метраў дыстанцыю і на наступную раніцу прабег гэтую славутую марафонскую дыстанцыю ў 42 кіламетры за 3 гадзіны 35 хвілін. Паляжаў з паўгадзіны ў Эгейскім моры і са здзіўленнем адзначыў: нічога страшнага са мной гэта дыстанцыя не зрабіла — праз пару гадзін ужо спакойна пайшоў на вячэру ў таверну. З таго дня стаў штодня бегаць на сур’ёзныя адлегласці.

Еўрарадыё: А вас вось так заўважылі і пачалі запрашаць на прэстыжныя марафоны?

Аляксандр Супрановіч: У мяне ніколі не было кантактаў з марафонцамі, з вялікага спорту я даўно сышоў, дый бокс з марафонам — гэта абсалютны розныя рэчы. У 2005 годзе з Амерыкі прыехаў мой былы трэнер — Марат Хургін. Ён падзівіўся маёй фізічнай форме і жартам кажа, што мне можна хоць заўтра на ранг. У адказ я таксама жартам кажу, што не супраць быў бы паўдзельнічаць у Нью-ёркскім марафоне — гэта, фактычна, самы прэстыжны марафон, на які падаюць заяўкі да 200 тысяч спартсменаў. А ён сапраўды падаў ад майго імя заяўку, а камп’ютар мяне выбраў. Праз месяц я атрымаў афіцыйнае запрашэнне на марафон, з якім і пайшоў па візу ў амбасаду. А там пытаюцца: “А дзе вы бегалі марафоны да гэтага?” — “Нідзе”, — адказваю. У выніку мяне папрасілі прадставіць дадатковую інфармацыю — якая б пацвярджала, што я сапраўды марафонец. А тут інфармацыя — праз тыдзень марафон у Маскве — “Маскоўскі міжнародны марафон свету-2006”. Бяру квіток і — у Маскву. Вынік — 3 гадзіны 9 хвілін. Такога нават я ад сябе не чакаў! Інтэрв’ю ў газеце для амбасады хапіла — візу далі. А пакуль ехаць у Нью-Ёрк — прабягаю марафон у Маларыце. Вынік майго першага Нью-ёркскага марафона — 3.08.05. Апынулася, што я выканаў кваліфікацыю — прабег хутчэй, чым 3.10, і на наступны год мне аўтаматычна даслалі запрашэнне да ўдзелу. З гэтага ўсё і пачалося: тры разы бегаў у Нью-Ёрку, два — у Маскве, у Каралёве… Мой найлепшы вынік — 3.02. І з 2008 года я пачаў трэніравацца ў заслужанага трэнера Аляксандра Агрызкіна.

Еўрарадыё: У вялікім спорце змагаюцца і за медалі, і за прызавыя. Марафонцы не толькі ніякіх прызавых не атрымліваюць, але яшчэ і каб паўдзельнічаць, нейкі унёсак робяць. Не кажучы ўжо пра квіток да Амерыкі. І навошта вам гэта?!

Аляксандр Супрановіч: Пра марафонцаў кажуць, што яны ўсе — крыху вар’яты. Як і пра альпіністаў. Вы ведаеце, што кожны чацвёрты альпініст з Эверэста не вяртаецца? Яны ведаюць пра гэта, але ўсё адно плацяць дзясяткі тысяч долараў за экіпіроўку, стаяць у чарзе на пад’ём. Марафон — гэта хвароба. Але я гляджу на тых, хто не бегае, і мне іх шкада.

Калі знаходжуся ў Беларусі, то жыву на лецішчы — там і бегаю. Але летась я амаль палову года пражыў у Штатах — прабег там тры марафоны і рыхтаваўся да ўвасаблення сваіх планаў. Я хачу прабегчы 50 марафонаў у 50 Штатах і напісаць пра гэта кнігу. Тры штаты ў мяне ўжо ёсць — Нью-Ёрк, Нью-Джэрсі і Філадэльфія. Зараз я ізноў атрымліваю візу і лячу ў Чыкага на марафон. Увогуле, да канца года я хачу прабегчы тры марафоны. Яшчэ тры — на пачатку наступнага. У тым ліку — Бостанскі ў красавіку. Што да прызавых, то так — я плачу за ўсё сам, са сваёй кішэні.

Еўрарадыё: Адкуль грошы — і ў Амерыку лётаць, і на нешта жыць?

Аляксандр Супрановіч: Я ўсё жыццё быў бізнесменам. А потым… Ведаеце, як у адным фільме галоўнага героя запыталі: “Чым ты будзеш займацца?” — “Кантраляваць свае капіталаўкладанні”. Я жыву сціпла, патрабаванні ў мяне невялікія, за раскошай не ганюся — у мяне самы просты і недарагі аўтамабіль. А злётаць у Амерыку не так ужо і дорага — 1 тысяча долараў туды-сюды. Так, рэгістрацыя на марафон — канешне, грошы на гэта трэба патраціць. Але ў мяне ў ЗША сябры і спыніцца ёсць дзе. Патрэбы ў ежы ў мяне мінімальныя — на “правільную” ежу шмат грошай не трэба. Непатрэбная раскоша не робіць чалавека больш шчаслівым і больш здаровым — яшчэ Сенэка заклікаў да стрыманасці ва ўсім!

Еўрарадыё: Вы аматар і ні ў чым ад дзяржавы не залежыце, але ці бачна па вашай форме падчас марафону — з якой вы краіны?

Аляксандр Супрановіч: Калі я бег першы марафон у Нью-Ёрку, то проста набыў дзяржаўны герб і нашыў на майку. Меў з сабой і дзяржаўны сцяг, які, праўда, разгарнуў толькі пасля фінішу. Але пазней я праз знаёмых набыў камплект формы, у якой нашы алімпійцы ездзілі на Алімпіяду-2008. Там табе і надпіс Belarus, і герб са сцягам. Уявіце сабе: бягу я ў Нью-Джэрсі, дзе ніхто пра Беларусь не ведае, і мне крычаць: “Давай, Беларусь!” Клас! А яшчэ і траса збольшага ідзе ўздоўж Атлантычнага акіяна — прыгажосць! Увогуле, амерыканскія марафоны мяне ўражваюць сваёй арганізацыяй. Тысячы ўдзельнікаў, дзясяткі тысяч гледачоў, і калі каментатар пры ўсіх аб’яўляе: “Набліжаецца да фінішу Беларусь” — такая радасць і гонар!

Еўрарадыё: Апошнім часам выбітныя “дзеючыя” спартоўцы пачалі выказвацца на карысць бел-чырвона-белага сцяга і “Пагоні”.  А вы аматар, ад дзяржавы і чыноўнікаў не залежыце — не думалі змяніць сімволіку на сваёй форме?

Аляксандр Супрановіч: А сапраўды — чаму не?! “Пагоня” мне заўсёды падабалася, і пашпарт у мяне калісьці быў з “Пагоняй”. Гэта ж наш сімвал. Дзяржаўны сцяг асацыюецца ў мяне з маладосцю, але бел-чырвона-белы сцяг — гэта ж наша гісторыя. У свой час я вельмі вітаў, калі наша краіна змяніла герб і сцяг. Уся тыя камуністычная ідэалогія — мы ж былі як рабы! І нам у 90-х гадах мінулага стагоддзя сказалі шчыра: камунізм здзейсніў шмат злачынстваў. А потым у нас нечакана змянілася ўлада, змянілі сімволіку, невядома што ў нас — сацыялізм ці капіталізм… Адно вядома: улада ў нас жыве класна, а народ — самі ведаеце як. А што з мовай?! Што з нашых кіраўнікоў на мове размаўляе? Гэта — трагедыя беларускага народа. Памяркоўныя мы, памяркоўныя…

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што на марафонах вы прапагандуеце Беларусь, але дзяржава вам нічым не дапамагае — не спрабавалі звярнуцца ў Мінспорту?

Аляксандр Супрановіч: Я ведаю, што гэта — бессэнсоўна. Я ж ведаю ўсё гэтую сістэму. Навошта мне гэта — лішні раз хадзіць і прыніжацца? Мне скажуць проста :”Хто ты такі?” Я ж у зборную не ўваходжу — я проста прапагандую здаровы лад жыцця. Дый, па вялікім рахунку, я ж раблю гэта не для кагосьці, а найперш для сябе. І англійскую мову я зараз хачу вывучыць на добрым узроўні для сябе — каб мог вандраваць па свеце і адчуваць сябе нармальным паўнавартасным чалавекам. Спорт мне проста дапамагае з задавальненнем жыць.

Еўрарадыё: Але мне падаецца, што вы, каго вітаюць сотні тысяч на вуліцах амерыканскіх гарадоў, для іміджу Беларусі робіце больш, чым хакеісты, у якіх убухваюць мільёны долараў, а вынікаў ніякіх…

Аляксандр Супрановіч: Хакей для Беларусі — штучная расліна. У беларускім клімаце пальма не вырасце. Каб яна жыла, неабходна пабудаваць палац. Толькі сэнсу ад гэтай расліны не будзе ніякага — толькі грошы ў яе ўкладуць. Тое ж і з хакеем — набудавалі палацаў, бюджэтныя грошы зааралі. Але самае дрэннае тое, што зараз гэтыя палацы ўтрымліваць трэба — яны ж усе стратныя! Ну, любяць у нас пэўныя людзі хакей, падабаецца ён ім, маюць магчымасць яго прапіхваць. Затое дзіцяча-спартовыя школы амаль памёрлі, а лепшыя трэнеры і спартсмены з’язджаюць з краіны, бо грошай не плацяць. Спорт — гэта вялікая праца. Трэба нармальна і трэніравацца, і харчавацца — тады будзе вынік. Мы ж патрабуем вынік, а грошай практычна не даём. Калі б хаця б частку тых грошай, што ідуць на хакей, накіроўвалі на іншыя віды спорту! Тая ж лёгкая атлетыка ў нас не атлетыка, а сорам. Паглядзіце, Мінскі міжнародны марафон столькі гадоў праводзіўся, а цяпер не праводзіцца — няма грошай. Кожны буйны горад у свеце за гонар лічыць праводзіць міжнародны марафон, а ў нас — няма грошай! Дый як ён праводзіўся? Прыязджае 100 чалавек, бягуць, і гэты марафон называецца міжнародны?! На Нью-ёркскім 40 тысяч бяжыць! І мы яшчэ прапагандуем здаровы лад жыцця?! Марафон — гэта прапаганда, а што той хакей — сядзяць ды піва п’юць дома на канапе!

Еўрарадыё: І шмат у тых жа амерыканскіх марафонах удзельнічае беларусаў?

Аляксандр Супрановіч: Практычна няма. На дыстанцыях нікога не сустракаў.

Еўрарадыё: А што так?

Аляксандр Супрановіч: Грошай у людзей няма. 1 тысяча долараў на квіткі — ужо сума не маленькая. А адной жа тысячай не абмяжуешся — як мінімум трэба дзве. А на дзве тысячы долараў можна паехаць адпачыць на курорт. У нас людзі бедныя, заробкі — невялікія.

Еўрарадыё: Спыняцца не збіраецеся?

Аляксандр Супрановіч: Не. Прабегчы 50 марафонаў у 50 штатах я планую за 7 гадоў. Дарэчы, усе гэтыя марафоны прабегла ўсяго некалькі чалавек. Дый на потым у мяне шмат планаў: я хачу прабегчы марафон на Паўночным полюсе, у Антарктыдзе, на Вялікай кітайскай сцяне. Увогуле, толькі не смейцеся, я хачу патрапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса як самы сталы марафонец свету. Для гэтага мне марафоны трэба бегаць яшчэ 46 гадоў і здолець прабегчы марафон у 101 год — у 100 гадоў ужо адзін індус прабег.

Еўрарадыё: Як да вашага захаплення і вашых “укладанняў” фінансавых ставіцца ваша сям’я?

Аляксандр Супрановіч: Я жыву адзін — сын дарослы, 35 гадоў, таксама, дарэчы, трэніруецца, форму падтрымлівае, а жонкі няма. Але спадзяюся, што хутка з’явіцца — ёсць дзяўчына, якую я вельмі кахаю. А што — яшчэ толькі 55 гадоў!

Еўрарадыё: Беларуска ці якая мулатка-марафонка?

Аляксандр Супрановіч: Канешне — беларуска! З замежнікамі ў нас розныя культуры і практычна немагчыма за мяжой сустрэць чалавека, які б табе падыходзіў. Дый жыць я хачу ў Беларусі.

Фота: www.newsvm.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі