Беларускі калій для ЗША будзе даражэйшы за канадскі. Махоўскі — пра лічбы калійнай здзелкі
Салігорскія тэрыконы / lookby.media
Карабель з першай партыяй беларускага хлорыстага калію дабярэцца да ЗША ў кастрычніку 2026 года. Калію ў Беларусі, праўда, шмат. Да ўвядзення санкцый у 2021 годзе наша краіна прадавала пятую частку ўсяго калію ў свеце. А на наступную раніцу пасля абвяшчэння аб санкцыях акцыі канкурэнта — канадскай Nutrien — выраслі на 2,6%.
Тады "Беларуская калійная кампанія" казала, што санкцыі на калій прывядуць да сусветнага голаду, але канкурэнты зарыентаваліся хутка. Канадцы абяцалі нарасціць вытворчасць і замясціць беларускія аб’ёмы.
Беларусь жа нават пад санкцыямі працягвала вырабляць і прадаваць 15% усяго сусветнага калію. Ненашмат больш — Расія, нашмат больш — толькі Канада.
Галоўны спажывец канадскага калію — Злучаныя Штаты. І ў прэзідэнта Дональда Трампа са сваім галоўным пастаўшчыком угнаенняў вельмі напружаныя адносіны. А рост коштаў на калій не падабаецца яго электарату — амерыканскім фермерам.
Ці можа Трамп паглядаць на беларускі калій як на альтэрнатыву канадскаму? Эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі ўпэўнены, што гэта не трэба нікому: ні Штатам, ні Канадзе, ні самой Беларусі.
— Ці хопіць у Беларусі аб’ёмаў калію, каб паставіць яго на амерыканскі рынак і цалкам выцесніць адтуль канадцаў?
— Калі ўвогуле ўвесь беларускі калій паедзе ў ЗША, дык гэтых аб’ёмаў акурат на ўвесь амерыканскі рынак і хопіць. Але гэта вельмі тэарэтычная сітуацыя, і ўзнікае пытанне: а навошта гэта абодвум бакам?
Словы Трампа пра тое, што беларускі калій будзе значна таннейшы, чым канадскі, крышачку дзіўныя. Калій, які прыходзіць з Канады, значна таннейшы ўжо проста па геаграфічным крытэрыі. Канадскі калій можа ехаць па чыгунцы, а беларускі трэба спачатку даставіць праз акіян, а потым ужо везці па чыгунцы.
Але цяпер санкцыі зняты, і Беларусь афіцыйна падпісвае кантракты. З той жа Індыяй, і прадае калій па добрым кошце. Да гэтага часу Індыя рабіла выгляд, што не купляе беларускія ўгнаенні. Тое самае з Бразіліяй. Там і раней куплялі беларускі калій, але ніхто з бразільскага боку пра гэта не казаў, рабілі выгляд, што калій расійскі.
Галоўнае, у чым зацікаўлены Лукашэнка, — не амерыканскі рынак, а транзіт праз Літву, Літвію ці Польшчу. Лепш, канешне, праз Літву, бо гэта самы кароткі маршрут.
— То-бок наўпрост цяпер у беларускага калію і без Штатаў усё добра?
— Не тое каб усё добра, застаецца вялікая праблема з лагістыкай. Вазіць далёка і дорага. І гэтая праблема можа пагоршыцца, улічваючы, што зараз выбіты расійскія магчымасці па экспарце збожжа па Чорным моры.
То-бок Расіі трэба неяк пераарыентаваць уласныя пастаўкі, каб вывозіць збожжа, і дзеля гэтага выкарыстоўваюць тыя ж тэрміналы насыпных грузаў, што і для калію. Відавочна, тады скароцяцца магчымасці для беларускага экспарту.
— Ці можна адабраць калій у той жа Бразіліі? Гэта ж не такі прэміяльны рынак, як амерыканскі?
— Я б не сказаў. Вось Кітай і Індыя заключаюць з Беларуссю доўгатэрміновыя кантракты, таму і кошты там ніжэйшыя — каля 300 долараў за тону. А з ЗША і Бразіліяй заключаюць спотавыя кантракты — гэта калі на кожную партыю вы заключаеце асобны кантракт. Таму і кошты больш гібкія і могуць быць вельмі высокімі.
У 2022 годзе на бразільскім рынку кошт за тону дасягаў 1000 долараў — гэта каласальная лічба, сёння ў сярэднім 400 долараў за тону. Таму я б не сказаў, што ёсць сэнс перанакіроўваць калій з бразільскага рынку на амерыканскі, яны супастаўляльныя.
— А калі Трампу вельмі спатрэбіцца шмат беларускага калію, у каго Лукашэнка зможа забраць, каб перанакіраваць у Штаты?
— Няма праблемы недзе ўзяць эканамічна абгрунтаваны аб’ём у 500 тыс. тон. Але калі гаворка будзе весціся пра 10 млн тон — тады так, ёсць праблема.