Беларусі можа дапамагчы толькі дыпламатыя — хоць бы таемная і не для фэйсбука

Прыём амбасадара ў Палацы дожаў, Венецыя / з карціны Каналета
Прыём амбасадара ў Палацы дожаў, Венецыя / з карціны Каналета

Санкцыі робяць сяброўства Беларусі і Расіі толькі мацнейшым, мяркуе старшы аналітык Цэнтра новых ідэй Павел Мацукевіч.

"Без падтрымкі Расіі беларускі рэжым не вытрымае. Ці дапамагаюць санкцыі пазбавіць беларускі рэжым гэтай падтрымкі? Пакуль відавочна, што сяброўства Беларусі і Расіі ад гэтага становіцца толькі мацнейшым. А што магло б іх развесці па кутах? Я думаю, спробы адрадзіць шматвектарнасць. Сама перспектыва дыялогу з беларускімі ўладамі здольная атруціць беларуска-расійскае сяброўства", — мяркуе Мацукевіч.

Аляксандру Лукашэнку не ўсміхаецца стаць хай не дэ-юрэ, але па факце губернатарам краю. Спакуса быць незалежным, суверэнным, вызначаць лёс на гэтай тэрыторыі даволі вялікая. Так што дыпламатычныя перамовы маглі б парадкам змяніць развіццё падзей у Беларусі.

"Дыялог з ЕС і ЗША мог бы атруціць беларуска-расійскае сяброўства. Я памятаю, як доўга беларускаму рэжыму давялося справаздачыцца за званок Пампеа. Была нават вывешаная стэнаграма гэтага званка. У Расіі слова "шматвектарнасць" выклікае абсалютнае непрыманне", — лічыць Мацукевіч.

Ён не лічыць, што санкцыі трэба адразу адмяняць. Але ўпэўнены, што павінен заставацца дыпламатычны канал сувязі. Хай гэта будзе таемная дыпламатыя, не для фэйсбука, але эфектыўная і дзейсная, кажа суразмоўнік Еўрарадыё.

"Прыклад сапраўднай дыпламатыі — тэлефонны саміт "ЗША — Расія". Яму папярэднічалі візіты намесніка дзяржсакратара ЗША, кіраўніка ЦРУ ў Расію, сустрэча міністраў замежных спраў у Швецыі. Гэта прыклад працы дыпламатыі. Мы чуем заклікі пакараць Расію санкцыямі, застопарыць "Паўночны паток 2", а дыпламатыя працуе. Не думаю, што з Беларуссю вядзецца такога кшталту праца, хоць ускосныя кантакты ёсць", — кажа суразмоўнік Еўрарадыё.

Поўную версію гутаркі з Паўлам Мацукевічам глядзіце на канале Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі