Вы тут

Беларусаў хочуць абмежаваць "ад інфармацыі, якая наносіць шкоду дзяржаве"

Міністр інфармацыі Ігар Луцкі / БЕЛТА

Беларусаў хочуць абмежаваць "ад інфармацыі [у інтэрнэце], якая наносіць шкоду дзяржаве". Пра такія планы ў эфіры тэлеканала СТБ заявіў новы міністр інфармацыі Ігар Луцкі. Паводле яго слоў, таксама стаіць задача давядзення да насельніцтва "выразнай дзяржаўнай палітыкі". І для гэтага Мінінфарм будзе "карэктаваць дзеянні сродкаў масавай інфармацыі".

"Мы бачым, што ўжо цяпер, у перыяд важнай палітычнай кампаніі, адбываецца ў інтэрнэце, у сацыяльных сетках, на старонках сайтаў, на відэахостынгах", — працягвае міністр. Ён падкрэслівае, што гэта "вельмі сур'ёзна ўплывае" на сітуацыю ў Беларусі і на тое, як наша краіна будзе развівацца.

"Забіць галаву вельмі проста, лічбавы шум досыць сур'ёзна ўплывае на розумы", — мяркуе Ігар Луцкі. І дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі будуць "разбураць гэты лічбавы шум і даносіць праўдзівую інфармацыю".

Ігару Луцкаму 48 гадоў. У 2014-2018 гадах быў першым намеснікам міністра інфармацыі, пасля працаваў гендырэктарам тэлеканала СТБ. Міністрам інфармацыі прызначаны 4 чэрвеня 2020-га.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.