Вы тут

Беларусам зноў абяцаюць прыход лаўкостара WizzAir

Нацыянальны аэрапорт "Мінск" / Еўрарадыё

Беларусь вядзе перамовы з венгерскай лаўкост-кампаніяй WizzAir пра яе прыход у Беларусь. Пра гэта "Спутнику" расказаў дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Арцём Сікорскі.

Гаворкі аб прыходзе еўрапейскіх лаўкостаў у Беларусь ідуць ужо некалькі гадоў. Аднак дагэтуль невядома, калі гэта адбудзецца. Прыход WizzAir у Беларусь, нібыта, быў запланаваны на сёлетні красавік, але гэтым планам перашкодзіла пандэмія COVID-19. 

"Я не хачу раскрываць дэталі, але зараз WizzAir і Нацыянальны аэрапорт Мінск працуюць над вельмі цікавым праектам. Спадзяюся, што пасля адмены авіяблокады мы ўбачым вынік гэтай працы", — паведаміў Сікорскі. 

Таксама ён анансаваў магчымы прыход ірландскай лаўкост кампаніі Ryanair. "У нас з Ірландыяй падпісана вельмі ліберальнае пагадненне аб паветраных зносінах, што дазваляе авіякампаніі Ryanair мець пятую ступень свабоды паветра для выканання палётаў у любыя аэрапорты Рэспублікі", — заявіў ён.

Нагадаем, што менавіта прымусовая пасадка ў Мінску самалёта Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, стала прычынай авіяблакады Беларусі.

Сікорскі зазначыў, што цяпер у Беларусь лятаюць два лаўкостары — эмірацкі Flydubai і расійскі "Азімут". Акрамя таго, дазвол на такія палёты мае расійскі лаўкостар "Победа".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.