Беларусам адмовілі ва ўездзе ў Літву пасля пытанняў пра вайну ва Украіне

Мяжа Беларусі і Літвы / Reuters
Мяжа Беларусі і Літвы / Reuters

Стала вядома пра выпадкі, калі грамадзянам Беларусі адмаўлялі ва ўездзе ў Літву пасля іх адказаў на анкету, якую прапаноўваюць запоўніць на мяжы. Пра гэтыя выпадкі намеснік міністра ўнутраных спраў Літвы Арнольдас Абрамавічус расказаў у эфіры LRT Radio. Колькасць беларусаў, якія атрымалі адмову, ён не назваў.

Літоўскі чыноўнік мяркуе, што ўзмацняць абмежаванні на ўезд для беларусаў не трэба — дастаткова ўжо прынятых мераў, у тым ліку анкетавання. Па словах Абрамавічуса, ужо зменшылі колькасць дазволаў на часовае пражыванне. Пры выдачы гэтых дакументаў абавязкова запаўняюцца дадатковыя анкеты, каб ацаніць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бяспецы.

Раней паведамлялася, што для беларусаў і расіян Літва ўвяла анкеты на мяжы. Ім трэба адказаць на шэраг пытанняў: мэты паездкі ў Літву, стаўленне да вайны ва Украіне ды анэксіі Крыма.

31 снежня дэпутат Еўрапарламента ад Літвы Пятрас Аўштравічус прапанаваў абмежаваць паездкі беларусаў у Літву і літоўцаў у Беларусь. Аднак у кіраўніцтве краіны адказалі, што не падтрымліваюць такую ідэю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі