Беларуса-добраахвотніка ва Украіне затрымалі па падазрэнні ў забойстве

Кастрычніцкі раённы суд Марыупаля ўзяў пад варту да 19 красавіка беларускага добраахвотніка Ігара Кляўко, перадае Радыё "Свабода". Яго падазраюць у выкраданні і наўмысным забойстве чалавека.

Паводле матэрыялаў справы, інцыдэнт адбыўся ў другой палове кастрычніка 2014 года. Кляўко разам з добраахвотнікамі-ўкраінцамі, нібыта, атрымаў замову на выкраданне і забойства жыхара аднаго з паселішчаў каля Марыупаля. Следства выявіла, што 2 лістапада 2014 года ахвяру вывезлі ў лесапаласу, расстралялі з аўтамата Калашнікава ў спіну і закапалі на месцы. Паводле звестак следства, страляў менавіта Кляўко.

На судзе беларус заявіў, што абставіны, якія ўзгадваюцца ў справе, магчыма, і мелі месца, аднак у здзяйсненні гэтага злачынства яго абгаварылі. Ён прасіў не браць яго пад арышт, бо па стане здароўя праходзіць курс лячэння, што немагчыма ва ўмовах СІЗА.

Тым не менш суд узяў яго пад варту, бо Кляўко падазраецца ў асабліва цяжкім злачынстве. Яму пагражае больш за дзесяць гадоў пазбаўлення волі. 

Ігар Кляўко (вядомы пад пазыўным "Леў") разам з батальёнамі "Данбас" і ДУК "Правы сектар" ваяваў у розных гарачых кропках Антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны. Падчас баёў у Песках атрымаў мінна-выбуховае множнае асколачнае раненне мяккіх тканін твару, левай галёнкі, агнястрэльны асколачны пералом левай вялікабярцовай косткі, агнястрэльны пералом левай малабярцовай косткі.

Ён нарадзіўся ў Маладзечне, мае беларускае грамадзянства і статус уцекача ў Чэхіі. Спярша Кляўко ваяваў у добраахвотніцкіх батальёнах, а потым пачаў службу ва Узброеных сілах Украіны паводле кантракту.