Беларус зрабіў сайт пра COVID-19 — а СААЗ брала з яго "афіцыйную" статыстыку

Скрыншот з сайту СААЗ
Скрыншот з сайту СААЗ

На сайце Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ёсць інтэрактыўная карта па сітуацыі з COVID-19. Наводзіш курсорам на патрэбную краіну — і бачыш асноўныя статыстычныя звесткі рэгіёна: колькасць пацверджаных выпадкаў, колькасць смерцяў і гэтак далей. Па больш падрабязную інфармацыю прапануецца прайсці па спасылцы на афіцыйныя сайты, якія публікуюць актуальныя звесткі.

Еўрарадыё некалькі дзён таму звярнула ўвагу на тое, што СААЗ на контуры Беларусі дае спасылку на сайт stopcovid.by. Аднак афіцыйны беларускі партал са звесткамі пра каранавірус — stopcovid.belta.by.

Візуальна сайты адрозніваюцца, аднак у абодвух на галоўнай старонцы размешчана актуальная статыстыка. Абодва парталы публікуюць тэматычныя навіны, аднак у stopcovid.belta.by — гэта толькі навіны ад БЕЛТА, а ў stopcovid.by — з розных крыніц.

Белорус сделал сайт о COVID-19 — а ВОЗ брала с него “официальную” статистику
Скрыншот з сайту СААЗ

Што яшчэ за stopcovid.by?

Аказалася, што гэта аматарскі сайт, які зрабіў мінчук Павел Кушэўскі. У хлопца за плячыма ФФСН БДУ і Акадэмія кіравання, сайты — яго хобі. У партфоліа (kushevski.com) Кушэўскага, акрамя сайта пра каранавірус, ёсць яшчэ старонка будаўнічай фірмы і агрэгатар навін пра MMA ў даменнай зоне ".ru".

Белорус сделал сайт о COVID-19 — а ВОЗ брала с него “официальную” статистику

— Першапачаткова была мэта: сабраць у адным месцы, так бы мовіць, асноўную інфармацыю аб шляхах перадачы і спосабах прафілактыкі. А пакуль што проста нейкія навіны былі размешчаныя, — расказвае Еўрарадыё Павел Кушэўскі. — Нейкай вялікай мэты не пераследаваў. Паглядзеў, як гэта ўсё выглядала на іншых сайтах — мне не вельмі падабалася, таму захацеў зрабіць так, як мне падабалася, каб было прадстаўлена ўсё больш зразумела.

У сакавіку беларускія карыстальнікі "Тэлеграма" маглі заўважыць з'яўленне некалькіх дзясяткаў (а можа і сотняў) каналаў пра каранавірус, якія ў гонцы за падпісантамі штодня публікуюць па некалькі допісаў з клікабельнымі загалоўкамі. Некаторыя каналы за кароткі прамежак часу выйшлі ў топы.

Павел Кушэўскі кажа, што "стрэліць на хайпе" — гэта не яго гісторыя. Яго сайт — некамерцыйны праект, ён быў створаны выключна на альтруістычных пачатках:

— Мне прагляды не асабліва патрэбныя. Напэўна, хутка з сайта зраблю проста інфармацыйную старонку, таму што ў мяне няма часу нейкія навіны там пастаянна размяшчаць. Зраблю старонку са спасылкамі на розныя дакументы і афіцыйныя выданні.

Пра тое, што СААЗ спаслалася на яго сайт, Павел Кушэўскі даведаўся ад Еўрарадыё. Супрацоўнікі СААЗ аб гэтым таксама даведаліся ад нашага журналіста.

— Ведаеце, я вам гэта не магу пракаментаваць. Але добра, што вы звярнулі на гэта нашу ўвагу. Я перадам начальству, што там спасылка на такі сайт, — адказалі нам у мінскім офісе арганізацыі.

Крыху пазней Еўрарадыё атрымала электронны ліст з падзякай:

"Дзякуем Вам за званок і дасланую інфармацыю. Мы абавязкова звернем увагу Рэгіянальнага Бюро СААЗ на гэты факт".

Хто і чаму дапусціў такую памылку, у лісце не ўдакладняецца. Магчыма, памылка была дапушчана праз падобныя URL сайтаў. Па словах Кушэўскага, калі ён выбіраў даменнае імя, то яшчэ не ведаў пра існаванне антыкаранавіруснага праекта БЕЛТА.

СААЗ аператыўна выправіла спасылку — цяпер яна, як і належыць, вядзе на stopcovid.belta.by.

Еўрарадыё нагадвае нашым чытачам, што падчас пандэміі каранавіруса важна выконваць не толькі асабістую гігіену, але і — інфармацыйную. Мыйце рукі і правярайце крыніцы інфармацыі!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі