Вы тут

Беларусь зноў прагаласавала супраць рэзалюцыі ААН па Крыме

Фота: 24tv.ua

Генеральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю наконт парушэння правоў чалавека ў Крыме, паведамляе Інтэрфакс з спасылкай на прэс-службу амбасады ЗША ва Украіне.

За рэзалюцыю прагаласавала 65 краінаў, супраць — 27, устрымалася 70. У дакуменце гаворыцца пра недапушчальнасць захопу тэрыторыі Аўтаномнай рэспублікі Крым сілай. Таксама рэзалюцыя асуджае Расію за палітычна матываваныя пераследы грамадзян Украіны і заклікае вызваліць украінцаў, якіх незаконна ўтрымліваюць расійскія ўлады.

Разам з Беларуссю супраць рэзалюцыі прагаласавалі Арменія, Балівія, Бурундзі, Венесуэла, Зімбабвэ, Індыя, Іран, Казахстан, Камбоджа, Каморскія астравы, Кіргізстан, Кітай, КНДР, Куба, М'янма, Нікарагуа, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Расійская Федэрацыя, Сербія, Судан, Сірыя, Таджыкістан, Уганда, Узбекістан, Чад і Эрытрэя.

Беларусь звычайна галасуе супраць рэзалюцыяў ААН, якія асуджаюць дзеянні Расіі ў Крыме. У лістападзе наша краіна адмовілася падтрымаць дакумент Генеральнай асамблеі ААН, у якім гаворка ішла пра ціск на рэлігійныя меншасці ў Крыме ды іншыя факты ўшчымлення правоў і свабодаў чалавека.