Беларусь заняла 120-е месца ў свеце па рэйтынгу здароўя

Беларусь заняла 120-е месца ў свеце па рэйтынгу здароўя

Беларусь заняла 120-е месца ў сусветным “рэйтынгу здароўя”. На адным узроўні з намі апынуліся Расія (119), Украіна (118) і Сірыя (117), наперадзе — КНДР і Гандурас.

Рэйтынг краін па індыкатарах устойлівага развіцця, звязаных з медыцынай, жыццём і здароўем, быў складзены аўтарытэтным медыцынскім часопісам The Lancet. Краіны праранжыравалі паводле сумарнай ацэнкі па 33 паказчыках, кожны з якіх разлічваўся па шкале ад 0 (горшы вынік) да 100.

Сярод крытэрыяў, якія ўлічваліся пры ранжыраванні краін, — дзіцячая смяротнасць, смяротнасць сярод немаўлят, смяротнасць у дарожна-транспартных здарэннях, залішняя вага ў дзяцей, узровень спажывання алкаголю і тытунекурэння, ВІЧ, туберкулёз і гепатыт B, колькасць самагубстваў. Акрамя таго, эксперты глядзелі на смяротнасць ад гвалтоўных дзеянняў і смяротнасць у войнах. Разлік па кожным крытэрыі вёўся на аснове аналізу сітуацыі з 1990 па 2015 год.

Першае месца ў рэйтынгу заняла Ісландыя. У першую пяцёрку таксама ўваходзяць Сінгапур, Швецыя, Андора і Вялікабрытанія. Апошняе, 188-е месца, заняла Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка, дзе зафіксаваныя найгоршая сіутацыя з датрыманнем гігіены, вельмі высокая смяротнасць ад войнаў і малярыі.

Становішча Беларусі ў рэйтынгу самае горшае сярод краін былога СССР. Найлепшы вынік з краін постсавецкай прасторы — у Эстоніі (29-е месца). Таджыкістан, Казахстан, Азербайджан, Туркменія, Узбекістан уваходзяць у першую сотню.

Індыкатары, якія браў для складання рэйтынгу The Lancet, грунтаваліся на прынятых у верасні 2015 года на Генасамблеі ААН Мэтах устойлівага развіцця. Яны ўключаюць у сябе 17 глабальных мэтаў (ліквідацыя галечы, ліквідацыя голаду, забеспячэнне доступу да адукацыі і г.д.), 169 задач і 230 мэтавых паказчыкаў. Мэты ўстойлівага развіцця, па плане ААН, павінны быць дасягнутыя цягам 15 гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі