БДУ набірае распрацоўшчыкаў праграм для мабільнікаў на двух факультэтах

“Камп'ютарная фізіка і сацыяльная педагогіка — гэта ў нас новыя спецыяльнасці на першай ступені. На другой ступені — у магістратуры: сацыяльная псіхалогія і вэб-праграмаванне і інтэрнэт-тэхналогіі. Сёлета мы не набіраем на “матэматыку і навукова-педагагічную дзейнасць”, бо летась туды не падалі ніводнай заявы”, — расказваюць Еўрарадыё пра змены ва ўступнай кампаніі ў Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна.

Тут скардзяцца, што абітурыенты ідуць туды, дзе ў спецыяльнасці ёсць інфарматыка: рвуцца ў айцішнікі.

У Беларускім педагагічным універсітэце імя Максім Танка замест фізікаў-тэхнікаў навучаць філолагаў літоўскай і англійскай.

“З’явіліся спецыяльнасці з замежнымі мовамі на філалагічным факультэце. Там руская з англійскай мовай і беларуская з літоўскай. Але гэта ўмоўна новыя спецыяльнасці, бо мы вядзем на іх набор не кожны год. А на спецыяльнасць “фізіка-тэхнічная творчасць” набору сёлета не будзе”, — тлумачаць у адміністрацыі ВНУ, дзе з году ў год праблемы з наборам на фізічны і матэматычны факультэты.

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт новых спецыяльнасцяў пакуль не плануе. Але зачыняе “парашковую металургію”. Заяўкі ад прадпрыемстваў ёсць, але абітурыенты не ідуць.

“Пакуль будзе спынены набор на спецыяльнасці механіка-тэхналагічнага факультэта. “Парашковая металургія”, як мінімум. Заявак на размеркаванне па гэтай спецыяльнасці шмат, але ў абітурыентаў не папулярна”, — тлумачаць у БНТУ.

БДУ скарачае завочнае, платнае на… міжнародных адносінах. У сёлетнім праекце парадку прыёму знаходзім і новыя спецыяльнасці:

“Матэматык. Спецыяліст па праграмным забеспячэнні мабільных прыстасаванняў” на матэматычным факультэце. І такая ж спецыяльнасць з’яўляецца на механіка-матэматычным замест “спецыяліста па інфармацыйных тэхналогіях”.

А Магілёўскі ўніверсітэт імя Куляшова новых спецыяльнасцяў не ўводзіць.

“Пакуль новага не чакаем. Плануем новыя спецыяльнасці, але ў гэтым годзе ўжо зацвердзілі парадак прыёму”, — гавораць у адміністрацыі.

Сёлета ў 54 універсітэтах навучаюцца 395 тысяч студэнтаў, інфармуе Белстат. Гэта на 7,7% менш, чым вучылася летась. 57% ад усіх студэнтаў плацяць за вучобу.

Фота: ko44.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі