Вы тут

Івану Кірчуку вярнулі "Батлейку", якая трапіла ў канфіскат

Фота: facebook.com/gleb.labadzenka

Аўтэнтычную батлейку Івана Кірчука выкупілі і вярнулі ўладальніку. Пра гэта паведаміў журналіст і грамадскі актывіст Глеб Лабадзенка.

“У выніку тыднёвых перамоваў і праведзенай спецаперацыі ўдалося выкупіць батлейку Івана Кірчука і вярнуць яму назад. Дзякую супрацоўнікам берасцейскага канфіскату за поўнае разуменне сітуацыі і спрыянне ў гэтай справе!”, — напісаў Лабадзенка на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

“Батлейка” трапіла ў канфіскат і магла адысці да спрытных калекцыянераў. Тады Глеб Лабадзенка дамовіўся з берасцейскім выкладчыкам курсаў “Мова Нанова” Максімам Хлябцом, каб сачыць за лёсам каштоўнай калекцыі. Супрацоўнікі канфіскату пайшлі ім насустрач і паведамілі, калі тавар прайшоў ацэнку. Тады Хлябец адразу прыехаў у краму і ўнёс патрэбную суму грошай. Цяпер “Батлейка” вернецца да Івана Кірчука.

У жніўні мытнікі спынілі на беларуска-польскай мяжы “Батлейку". Лялечны тэатр з 28 персанажамі — частка этнаграфічнай калекцыі, з якой этна-трыа “Троіца” вандравала па свеце з 1999 года. Экспанаты калекцыі былі дэкарацыямі на канцэртах і спектаклях этна-трыа.

Перавезці варшаўскую этнаграфічную калекцыю Кірчука разам з унікальнай “Батлейкай” у Беларусь узяўся генпрадзюсар Еўрарадыё Яўген Калмыкоў. Але на беларускай мяжы выявілася, што лялечны тэатр важыць 64 кг, а без мытнай пошліны ў Беларусь можна ўвезці толькі непадзельную рэч, якая важыць не больш за 35 кг.

Уся калекцыя важыла каля 300 кг. Адпаведна, трэба было заплаціць па 4 еўра за кожны кілаграм. Таму перавезці калекцыю каштавала б 1200 еўра.

У выніку Калмыкоў мусіў везці калекцыю назад у Польшчу, дзе ў Музеі беларускай этнаграфіі і фальклору ў польскай Гайнаўцы яна была пакінутая, — акрамя "Батлейкі", якую канфіскавалі на мяжы.