Баранавіцкага актывіста аштрафавалі за высмейванне фашызму ў сацсетках

Баранавіцкага актывіста аштрафавалі за высмейванне фашызму ў сацсетках

5 снежня суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы асудзіў мясцовага актывіста Іллю Сянько на 115 рублёў (5 базавых велічыняў). Яго прызналі вінаватым у публічным дэманстраванні нацысцкай сімволікі, піша праваабарончы сайт "Вясна". Таксама суддзя Юльяна Шчэрба пастанавіла канфіскаваць жорсткі дыск камп'ютара, забраны падчас пературусу. 

У судзе Сянько прызнаў, што размясціў у сацыяльнай сетцы "Вконтакте" фатаграфіі, але не прызнаў сваёй віны. Хлопец заявіў, што на фатаздымках высмейваўся фашызм. Да таго ж, здымкі былі даўно выдаленыя. Аднак суддзя заявіла, што дастаткова самога факту размяшчэння фашысцкай сімволікі, каб прыцягнуць яго да адказнасці. 

Ілля Сянько плануе абскардзіць вынесены прысуд. 

Малады чалавек лічыць, што гэты суд звязаны з затрыманнем расійскага філосафа і гісторыка Пятра Рабава. Расіянін прыязджаў у Беларусь чытаць лекцыі пра анархізм і быў затрыманы міліцыянтамі. Здарэнне ў Баранавічах адбылося 10 кастрычніка. Сянько праводзіў Рабава на цягнік пасля лекцыі і быў затрыманы разам з лектарам.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, баранавіцкага актывіста дапытвалі не па справе, схілялі да супрацоўніцтва, а калі ён адмовіўся — нават білі па галаве. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але суд спыніў адміністрацыйную справу "за адсутнасцю падзеі правапарушэння".

12 кастрычніка ў доме, дзе жыве Ілля Сянько, адбыўся ператрус — нібыта ў сувязі з падазрэннем хлопца ў распаўсюдзе і публічным дэманстраванні фашысцкай сімволікі. Тады на яго і быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, а жорсткі дыск камп'ютара адправілі на тэхнічную экспертызу. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі