Барабаншчыкава: Крыкі ў тэнісе? Трэнеры кажуць так рабіць, бо гэта раздражняе

Барабаншчыкава: Крыкі ў тэнісе? Трэнеры кажуць так рабіць, бо гэта раздражняе

На Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі па тэнісе гледачы папсавалі гульню беларусцы Арыне Сабаленка і аўстралійцы Эшлі Барці. Яны пачалі імітаваць крыкі беларускі, чым выклікалі нават усмешкі суддзі, якая звярнулася да публікі з заклікам не крычаць падчас розыгрышу. Аднак пасля гэтага гледачы сталі дражніць Сабаленка яшчэ мацней. Паўплывала гэта ці не, але перамога дасталася Эшлі Барці. Пасля сустрэчы яна заявіла, што да крыкаў саперніцы прызвычаілася хутка.

А вось відэа з дражнілкай стала сапраўдным вірусам у інтэрнэце.

Аўстралійскае выданне Daily Telegraph пайшло далей і зрабіла ролік, у якім крыкі Сабаленка наклалі на карцінку з іншых відаў спорту.

Пажартавала над сітуацыяй і легендарная амерыканская тэнісістка, уладальніца Вялікага шлема ў парным разрадзе 1984 года Пэм Шрайвер:

“У арсенале Сабаленка 347 розных па гучанні крыкаў. Вось гэта талент”.

Навошта тэнісісткі крычаць падчас удараў, Еўрарадыё запыталася ў былой тэнісісткі Вольгі Барабаншчыкавай.

“Скажу шчыра, мяне гэта раздражняе. Я не разумею, навошта гэта робіцца. Некаторыя кажуць, што нібыта калі ты такім чынам б’еш, то гучна выдыхаеш паветра. Але мне здаецца, што дзяўчаты падчас удару больш напружваюцца, чым расслабляюцца. Больш за тое, гэта дзейнічае на нервы, раздражняе. Я ведаю па факце, што некаторыя трэнеры кажуць сваім навучэнкам так рабіць, таму што гэта акурат і дзейнічае як раздражняльны фактар”, — распавядае Барабаншчыкава. Кур’ёзнае відэа з Сабаленка яна не бачыла, але ўпэўненая, што спартсмену такога ўзроўню як Арына трыбуны не могуць перашкодзіць.

“Спартсмены высокага класа вельмі сканцэнтраваныя на гульні, таму што ад фанатаў, асабліва калі гуляеш у іншых краінах, можна чакаць чаго заўгодна. Таму, як правіла канцэнтрацыя сур’ёзна, і трыбуны не павінны моцна перашкаджаць. У маёй кар’еры такога не здаралася, каб трыбуны заміналі. Ну, па-першае, я ніколі не крычала падчас гульні. Здаралася, калі яўна балелі супраць. Часам раздражняе, калі людзі хлопаюць на твае вельмі простыя памылкі. Гэта вельмі непрыгожа, таму што іх тэнісістка нічога не зрабіла для таго, каб выйграць ачко, ты сам памыліўся. Гэта непрыгожа, але сказаць, што гэта адцягвае ўвагу, то не, бо ты канцэнтруешся на іншым”, — дадае Барабаншчыкава.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі