Баі за Бахмут і працяг скандалу з уцечкай дакументаў — 414-я раніца вайны

Самыя жорсткія баі ідуць за Мар'інку і Бахмут / www.facebook.com/GeneralStaff.ua
Самыя жорсткія баі ідуць за Мар'інку і Бахмут / www.facebook.com/GeneralStaff.ua

У пастаўках заходняй зброі ёсць "пэўныя затрымкі", кажа сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў. Кіеў чакае абяцанай дапамогі, але "яшчэ не ўсе партнёры адгукнуліся", прыводзіць словы Данілава Hromadske.

"Пастаўкі цяпер ідуць — я не магу сказаць, што яго няма — але ёсць пэўныя, скажам так, затрымкі па тых ці іншых пытаннях. Будзем лічыць, што гэта часовая сітуацыя, якая будзе адпрацаваная", — адзначыў кіраўнік РНБА Украіны. Пры гэтым ён не ўдакладніў, аб якім узбраенні ідзе гаворка. "Што тычыцца дастатковасці або недастатковасці. Паверце — вайскоўцам ніколі не будзе дастаткова. Таму што нашы вайскоўцы маюць вялікае жаданне мець як мага больш зброі, каб як мага хутчэй знішчыць тэрарыстаў, якія ўварваліся на нашу тэрыторыю", — адзначыў Данілаў. Нагадаем, днямі міністр абароны ЗША Лойд Осцін заявіў, што ўзброеныя сілы Украіны маюць "вельмі добрыя шанцы" для паспяховага контрнаступлення вясной гэтага года. У тым ліку дзякуючы таму, што Украіна знясіліла расійскія сілы і рэсурсы.

Расіяне працягваюць наступ на ўсходзе Украіны адначасова на чатырох кірунках — Ліманскім, Аўдзееўскім, Мар'інскім, Бахмуцкім. Самыя жорсткія баі ідуць за Мар'інку і Бахмут, пісала напярэдадні вечарам у Telegram намеснік міністра абароны Украіны Ганна Маляр. Свае самыя прафесійныя падраздзяленні, з яе слоў, расіяне сканцэнтравалі на Бахмуцкім кірунку, выкарыстоўваюць тут значную колькасць артылерыі і авіяцыі. Кожны дзень расіяне робяць у Бахмуце ад 40 да 50 штурмаў і больш за 500 абстрэлаў.

"Паколькі праціўнік звычайна прайграе нам у вулічных баях, ён выбірае тактыку татальнага знішчэння будынкаў і збудаванняў. Проста раўняе горад з зямлёй", — адзначыла Ганна Маляр. Пры гэтым на трох іншых кірунках — Ліманскім, Аўдзееўскім, Мар'інскім — наступальныя дзеянні расіян, паводле яе слоў, поспеху не маюць.

Бои за Бахмут и продолжение скандала с утечкой документов — 414-е утро войны
Сітуацыя у Бахмуце / understandingwar.org

Сліў сакрэтных дакументаў разведкі ЗША не паўплывае на стасункі Кіева і Вашынгтона. Пра гэта заявіў кіраўнік Украінскай выведкі Кірыл Буданаў у каментары ABC News.

"Калі ёсць праблема, яна будзе вырашана. Калі праблемы не будзе яшчэ лепш. Гэта не зможа паўплываць на рэальныя вынікі наступальнай аперацыі", адзначыў ён. Ён таксама заявіў, што вынікі контрнаступлення найбліжэйшым часам "усе ўбачаць і адчуюць". Пры гэтым поспех гэтай наступальнай аперацыі, на думку Буданава, вельмі неабходны не толькі ўкраінцам, але і заходнім партнёрам, паколькі "без перамог рана ці позна паўстане пытанне, ці варта працягваць падтрымліваць Украіну".

Украіна не дзеліцца з ЗША ўсёй інфармацыяй аб контрнаступленні УСУ. Пра гэта ўжо піша Politico са спасылкай на неназванага ўкраінскага камандзіра. Вайсковец сказаў, што "мы не даем ЗША ўсю інфармацыю, нават пра месца знаходжання падраздзяленняў, іх колькасці і магчымасцях". Гэты каментар з'явіўся на фоне скандалу з уцечкай сакрэтных дакументаў з Пентагона. У адным з дакументаў гаварылася, што амерыканскія аналітыкі ацэньваюць поспех украінскага контрнаступлення як "сціплы". У Кіеве кажуць, што такія прагнозы "не варта браць да увагі". Нагадаем, напярэдадні Федэральнае бюро расследаванняў (ФБР) США арыштавала падазраванага па справе аб уцечцы дакументаў. Гаворка ідзе пра нацгвардзейца Джэка Тэйшэйра. Яму 21 год.

Крэмль можа выкарыстоўваць арышт журналіста Wall Street Journal Эвана Гершковіча, каб атрымаць саступкі ад ЗША, мяркуюць экспэрты Інстытут вывучэння вайны. Напярэдадні агенцтва Bloomberg паведаміла, што арышт Гершковіча ўхваліў асабіста прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Нагадаем, расійскія ўлады абвінавачваюць журналіста ў шпіянажы.

"Паведамленне аб асабістым удзеле Пуціна ў першым арышце амерыканскага журналіста з часоў Халоднай вайны можа паказваць на тое, што Крэмль разглядаў арышт як разлічаную эскалацыю, якую ён паспрабуе выкарыстоўваць у якасці рычага для атрымання саступак ад Злучаных Штатаў", — гаворыцца ў справаздачы Інстытута.

Украіна, Румынія і Малдова вырашылі сумесна процідзейнічаць расійскай прапагандзе і дэзінфармацыі. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве міністраў замежных спраў і міністраў абароны трох краін па выніках сустрэчы ў Бухарэсце 13 красавіка. Пра гэта распавядае Hromadske. У дакуменце гаворыцца, што акрамя ваенных нападаў на Украіну, Расія працягвае выкарыстоўваць шырокі спектр гібрыдных тактык для запалохвання краін рэгіёну. Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў заявіў, што ўкраінцы гатовыя падзяліцца практычным вопытам адпору ўзброенай агрэсіі і даць партнёрам рэкамендацыі па ўдасканаленні абароннага сектара.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі