Вы тут

Бабло не перамагае зло? Як сусветны бізнес (не) баіцца працаваць з дыктатурамі

Грошы часта важнейшыя за правы чалавека / калаж Еўрарадыё

Год, як не сціхаюць размовы вакол таго, ці павінна нарвежская Yara спыняць супрацоўніцтва з "Беларуськаліем" праз падзеі ў Беларусі і звальненні рабочых-забастоўшчыкаў. Толькі пасля ўвядзення амерыканскіх санкцый супраць кампаніі і асабістай сустрэчы са Святланай Ціханоўскай кіраўніцтва Yara "згладзіла" пазіцыю і сказала, што ў канцы года можа перагледзець свае адносіны з беларускім бокам.

Louis Vuitton быў адзінай крамай, якая змагла застацца ў будынку, дзе маршал Петэн арганізаваў свой урад. Фота 1942 года / DR

Або швейцарскі Банк міжнародных разлікаў (BIS). Нават у гады вайны ў ім працягвалася супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі краін антыгітлераўскай кааліцыі з аднаго боку і фашысцкімі Германіяй і Італіяй з другога. Узаемавыгаднае, зразумела.

Але перамесцімся бліжэй да сучаснасці.
 

Бананы для тэрарыстаў

Не славяцца цікавасцю да правоў чалавека і буйныя кампаніі, якія зарабляюць на садавіне. Напрыклад, на працягу ўсяго XX стагоддзя не асабліва цікавілася сітуацыяй United Fruit. Але пакуль яны сумнеўна працавалі ў краінах Лацінскай Амерыкі, іншая фірма, Chiquita Brands, прымудрылася пайсці яшчэ далей.

У 2007-м Chiquita Brands прызнала сябе вінаватай у тым, што (!) дапамагала тэрарыстычнай арганізацыі — так званым "Аб'яднаным сілам самаабароны Калумбіі". Фірма выплаціла ім больш за 1,7 мільёна долараў у абмен на "садзейнічанне".

Супрацоўніцтва з тэрарыстамі, відаць, робіць бананы смачнейшымі / The Globe Post

Напрыклад, тэрарысты за гэтыя грошы запалохвалі фермераў і пераконвалі прадаваць бананы толькі канкрэтнай фірме. Ішла гаворка і пра гарантаванне бяспекі для супрацоўнікаў Chiquita Brands.

Але і гэта не ўсё: кампанію абвінавачвалі ў кантрабандзе зброі для "Аб'яднаных сіл самаабароны Калумбіі" і дапамозе ў кантрабандзе наркотыкаў у Еўропу... Пасля судовых цяжбаў кампанія павінна была выплачваць буйныя штрафы і дапамагаць фінансава пацярпелым сем'ям.
 

Робаты для КНДР і газ з М'янмы

Паўночная Карэя ўжо даўно знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі. Да іх увядзення шэраг міжнародных фірмаў, уключаючы швейцарскую інжынірынгавую кампанію ABB, паспелі зайсці на гэты рынак. Вядома, пасля ўвядзення сур'ёзных санкцый усякае супрацоўніцтва згарнулася... Прынамсі, афіцыйна.

Швейцарская тэхніка, напэўна, спадабалася лідару КНДР / KCTV

У 2019-м выбухнуў буйны скандал: Кім Чэн Ын наведаў рыбаперапрацоўчы завод, а ў кадр трапілі... машыны з лагатыпамі ABB. Кампанія, вядома, аднекваецца ад усякага супрацоўніцтва з КНДР. Тым больш што гэта не першы такі выпадак: у 2015-м робаты кампаніі былі знятыя на заводзе, які працуе ў "ваенцы".

Цікавая сітуацыя і ў М'янме. І да ваеннага перавароту, які адбыўся сёлета, краіна не лічылася дэмакратычнай, цяпер жа і пагатоў.

Але і пасля прыходу да ўлады хунты карпарацыі Total SE і Chevron Corp працягваюць ажыццяўляць буйны марскі газавы праект у партнёрстве з Myanmar Oil and Gas Enterprise. На пытанні журналістаў у кампаніях кажуць: "Будзем выконваць усе прымяняльныя законы і санкцыі". Цяпер санкцый няма, так што "вы самі ўсё разумееце". Праўда, дывідэнды ўладам М'янмы фірмы вырашылі пакуль не выплачваць.

Паўднёвакарэйская Posco International таксама займаецца распрацоўкай газу ў М'янме і... пасля перавароту працягвае гэта рабіць. Пад ціскам грамадскасці карпарацыя адмовілася ад партнёрства з мясцовымі дзяржаўнымі структурамі, прыдумаўшы хітры ход: выкупіць частку іх акцый. У астатнім жа "выказванне заклапочанасці" з боку Posco зводзіцца да таго, што фірма адмовілася выплачваць у М'янме дывідэнды.
 

Дапаможам у сачэнні. Дорага

Краіны ў духу Ірана або Бахрэйна не здольныя самі ствараць абсталяванне і ПЗ для сачэння за грамадзянамі і кантролю інтэрнэту... Што ж, у гэтым ім выдатна дапамагаюць сусветныя кампаніі. Ведаем мы гэта і на прыкладзе Беларусі, дзе з заходнім абсталяваннем літаральна "выключалі" інтэрнэт у першыя дні жнівеньскіх пратэстаў 2020 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.