Вы тут

Азербайджан не пускае на фінал Лігі Еўропы фанатаў з армянскімі прозвішчамі

Getty Images

Еўрапейцы з падобнымі да армянскіх прозвішчамі не могуць трапіць у Баку на фінал футбольнай Лігі Еўропы. Яны атрымліваюць адмовы ў візе ў Азербайджан, паведамляе Бі-Бі-Сі. Улады краіны заяўляюць, што не абмяжоўваюць уезд па расавай або нацыянальнай прыкмеце і сцвярджаюць, што ў Баку шмат разоў прыязджалі армянскія спартсмены. Тым не менш многія аматары футболу не могуць трапіць на вырашальны матч еўракубка толькі праз свае прозвішчы.

Вырашальны матч Лігі Еўропы паміж "Арсеналам" і "Чэлсі" пройдзе ў Баку 29 траўня.

Людзей з прозвішчамі, якія фанетычна падобныя да армянскіх, часта затрымліваюць на некалькі гадзінаў на памежным кантролі пры ўездзе ў Азербайджан. Некаторым адмаўляюць ва ўездзе. У азербайджанскім МЗС настойваюць, што масавых адмоваў няма і абмежаванні накладаюць толькі на замежнікаў, якія наведваюць акупаваны Нагорны Карабах і прылеглыя раёны Азербайджана без спецыяльнага дазволу.

Канфлікт паміж Азербайджанам і Арменіяй пачаўся ў 1988 годзе, калі населеная пераважна армянамі Нагорна-Карабахская аўтаномная вобласць заявіла пра выхад з Азербайджанскай ССР.

Невядома, ці зможа прыехаць на фінал Лігі Еўропы адзін з ключавых гульцоў "Арсенала", грамадзянін Арменіі Генрых Мхітаран. У 2018 годзе ён не прыязджаў на гульню групавога этапу "Арсенала" з "Карабахам", хоць фармальнай забароны з боку ўрадаў Азербайджана не было. Кіраўніцтва клуба заявіла, што не накіруе на матч у Баку армянскага футбаліста, пакуль не атрымае ад УЕФА гарантыяў яго бяспекі.