Азаранка хоча згуляць за зборную Беларусі ў матчы з Германіяй
![Азаранка хоча згуляць за зборную Беларусі ў матчы з Германіяй](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/000028_1536561059_317163_big.jpg.webp?itok=8muMzELI)
Вікторыя Азаранка захацела згуляць за зборную Беларусі ў матчы Сусветнай групы Кубка Федэрацыі з Германіяй. Ён прызначаны на 9-10 лютага і пройдзе ў Браўншвейгу.
Пра свае планы Азаранка распавяла ў Санкт-Пецярбургу, дзе яна ўдзельнічае ў тэнісным турніры і сёння ў 1/8 фіналу згуляе з чэшкай Петрай Квітавай, другой ракеткай свету (паядынак пачнецца прыблізна а 15-й гадзіне).
"Я планую прыняць удзел, — гаварыла Вікторыя. — Не ведаю, паставяць мяне гуляць ці не. Вельмі радая, што ў нас цяпер вялізны не тое, што рэзерв, але дзяўчаты так падняліся ў рэйтынгу, паказвалі такія добрыя вынікі з апошняга разу, калі я гуляла ў Кубку Федэрацыі".
Паводле слоў тэнісісткі, калі трэнерскі штаб яе пакліча, яна "будзе вельмі радая зноў знаходзіцца ў камандзе".
Першай ракеткай Беларусі на сённяшні дзень з'яўляецца Арына Сабаленка, у яе 10-е месца ў сусветным рэйтынгу. Аляксандра Сасновіч цяпер 33-я, Вікторыя Азаранка — 51-я, Вера Лапко — 63-я ў рэйтынгу WTA.