Айцішніка не выпусцілі з Арменіі — ён у вышуку ў Беларусі

Беларусы, якія беглі ад рэпрэсій, не ў бяспецы на тэрыторыі ЕАЭС / pexels.com
Беларусы, якія беглі ад рэпрэсій, не ў бяспецы на тэрыторыі ЕАЭС / pexels.com

Беларускі айцішнік Сяргей (імя змененае) каля года жыў у Грузіі. Там можна знаходзіцца амаль год без ВНЖ і візы, але хаця б на адзін дзень трэба выехаць, каб абнуліць тэрмін знаходжання. Таму Сяргей выехаў у Арменію, дзе яго затрымалі і не дазваляюць з'ехаць. Аказалася, што мужчына ў вышуку ў Беларусі.

Пасля выбараў 2020 года Сяргей быў на Акрэсціна. А ў канцы 2021 года сілавікі прыходзілі да яго з ператрусам. Таксама яго дапытваў ГУБАЗіК. Пасля чарговага запрашэння на допыт Сяргей паляцеў у Тбілісі і з тых часоў не вяртаўся.

Грузінскую мяжу прайшоў нармальна. На армянскай мяжы пачаліся праблемы. Спачатку доўга вывучалі мой пашпарт, фатаграфавалі, нешта абмяркоўвалі. Потым адвялі ў нейкі пакой, дзе я прасядзеў каля гадзіны. Пазней прыехаў супрацоўнік паліцыі і мяне павезлі ў пастарунак,распавядае мужчына dev.by. — Па дарозе супрацоўнік паліцыі распавёў, што я знаходжуся ў вышуку ў Беларусі. Я так зразумеў, у краін ЕАЭС ёсць агульная база, і калі кагосьці ў Беларусі абвяшчаюць у вышук, гэтая інфармацыя даступная і паліцыі Арменіі. Таму мяне былі абавязаныя затрымаць. Я не ведаю, калі на мяне была заведзеная крымінальная справа ў Беларусі. Падазраваў, што магу быць у вышуку, але не ведаў, што гэта можа неяк паўплываць на мой візіт у Арменію.

Пры мне супрацоўнік армянскай паліцыі размаўляў, як я зразумеў, з супрацоўнікам МУС у Беларусі. Я не чуў, пра што канкрэтна яны казалі, але ў нейкі момант супрацоўнік армянскай паліцыі сказаў: "Не, не маем на гэта паўнамоцтваў". Выкажу здагадку, што з беларускага боку хацелі, каб мяне ці то затрымалі, ці то экстрадавалі.

Сяргея адпусцілі з пастарунку, але папярэдзілі, што з Арменіі ён з'ехаць не можа, пакуль яго шукаюць у Беларусі. Яму прапанавалі звярнуцца ў беларускую амбасаду, каб вырашыць праблему.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі