Вы тут

"Атлант" абвяргае прыпыненне вытворчасці пральных машын у Мінску

Пральныя машыны "Атлант"

Паведамленне пра тое, што "Атлант" прыпыняе вытворчасць пральных машын на тры месяцы на сваім заводзе ў Мінску, з'явілася ў адным з тэлеграм-каналаў. Гаворыцца, што 90 работнікаў перавядуць на вытворчасць халадзільнікаў. Спыненне можа быць звязана з моцнай загружанасцю складоў.

На прадпрыемстве газеце "Белорусы и рынок" пацвярджаюць, што частку работнікаў перавядуць на вытворчасць халадзільнікаў, але адзначаюць, што пральныя машыны таксама будуць выпускаць.

— Ніякіх спыненняў не будзе. У нас бізнес-план, мы па ім працуем. Мы мабільна перамяшчаем супрацоўнікаў туды, дзе трэба павялічыць вытворчасць халадзільнікаў. Калі трэба павялічыць на пральных машынах, забіраем назад, — расказвае намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ "Атлант" па ідэалагічнай рабоце і персанале Аляксандр Машко.

Суразмоўнік паведамляе, што трэба павялічыць вытворчасць халадзільнікаў, аднак куды яны будуць пастаўляцца — гэта камерцыйная інфармацыя.

— Мы экспартнае прадпрыемства. На ўнутраны рынак пастаўляецца крыху больш за 10 адсоткаў, максімум — да 15 адсоткаў прадукцыі. Калі ўдавацца ў эфектыўнасць гэтага працэсу, і маржы будзе больш, і вырабім тое, што патрабуе рынак, — робіць выснову Аляксандр Машко.

Калі вам што-небудзь вядома пра прычыны пераводу супрацоўнікаў "Атлант" на іншую вытворчасць, вы можаце ананімна паведаміць пра гэта нам у тэлеграм-канал Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.