Вы тут

Апублікавана апошняе інтэрв'ю гісторыка Ляхоўскага — там ёсць і пра БЧБ у вайну

Уладзімір Ляхоўскі / "Народная Воля"

Нацыянальная сімволіка "да лета 1944-га года была наогул не прызнаная нямецкім рэжымам", ужо пасмяротна адказвае гісторык Уладзімір Ляхоўскі на чарговыя маніпуляцыі ўладаў з гісторыяй.

Апошняе інтэрв'ю з Ляхаўскім публікуе "Народная воля". Размова быў запісаны некалькі месяцаў таму. Суразмоўцы дамовіліся апублікаваць яе пасля чарговай атакі на нацыянальныя сімвалы. У пачатку верасня Ляхоўскага не стала. А затым з'явілася інфармацыя аб новым падручніку па гісторыі для 11-х класаў, дзе сцвярджалася, што бел-чырвона-белая сымболіка актыўна выкарыстоўвалася немцамі на акупаваных тэрыторыях Беларусі, што ў кожным класе школы "вывешивался партрэт Гітлера, упрыгожаны з бакоў бела-чырвона-белымі стужкамі".

Ляхоўскі кажа, што ў нямецкіх архівах ёсць дакументы, "а ў нашым Нацыянальным архіве ёсць копіі гэтых дакументаў, і там выразна паказана, што ні адміністрацыя Остланда (адміністрацыя акупацыйных тэрыторый са сталіцай у Рызе — Еўрарадыё), ні ведамства Розенберга (рэйхсміністр усходніх акупаваных тэрыторый — Еўрарадыё) не дазвалялі афіцыйна выкарыстоўваць гэтую сімволіку ў Беларусі".

Бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоню" выкарыстоўвалі толькі падчас святаў, але гэта была ініцыятыва Вільгельма Кубэ (генеральны камісар беларускай акругі — Еўрарадыё), які гэта дазволіў.

Як мінімум сумнеўнымі лічыць Уладзімір Ляхоўскі і заявы, што пад бел-чырвона-белымі сцягамі спальваліся вёскі і знішчаліся мірныя жыхары.

"Ідзе падмена паняццяў, нібыта на Віцебшчыне, Усходняй Смаленшчыне паліцэйскія фармаванні выкарыстоўвалі бел-чырвона-белыя сцягі. Гэта абсалютна не адпавядае рэчаіснасці", — кажа гісторык. Ён нагадвае, што на гэтай тэрыторыі дзейнічала брыгада Камінскага (Браніслаў Камінскі — з 1944-га года Вафен брыгадэфюрэр войскаў СС — Еўрарадыё), якая выконвала свае карныя аперацыі пад расійскім трыкалорам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.