Apple Tea і Шэран Кларк узгадаюць творчасць Шырлі Хорн

Трэці па ліку канцэрт з серыі “Джазавы мост” пройдзе ў Мінску пры ўдзеле н’ю-ёркскай джазавай дзівы Шэран Кларк і вядучых джазавых музыкаў Беларусі – гурта “Apple Tea”. Бубнач “Apple Tea” Аляксандр Сапега распавёў Еўрарадыё, як адбываецца падрыхтоўка і рэпетыцыя падобных канцэртаў, на якіх музыкі з розных канцоў свету сустракаюцца ўпершыню.

Аляксандр Сапега: “Як гэта адбываецца? Звычайна мы нічога не рыхтуем адмыслова. У дзень канцэрту мы збіраемся раніцай на пляцоўцы. Вакаліст прыносіць з сабою ноты, раздае музыкам. І мы на працягу адной рэпетыцыі робім праграму. Вечарам звычайна канцэрт. Добра гэта ці дрэнна – я не ведаю, але тыя канцэрты, якія ўжо адбыліся – з Тэсай Сутэр, з Нікаласам Бірдам, паказалі, што спалучэнне прафесійнага майстэрства з абодвух бакоў мае права на жыццё”.

Праграма, якую прадставяць музыкі на сцэне малой залы Палаца Рэспублікі 22 жніўня, будзе прысвечаная знакамітай спявачцы Шырлі Хорн. Сапега раіць усім азнаёміцца з творчасцю Шырлі праз YouTube, а потым і на канцэрце.

Аляксандр Сапега: “Шырлі Хорн з’яўляецца адной з маіх самых любімых спявачак. У мяне сабраныя ўсе яе альбомы. Эпітэт “боская” у дадзеным выпадку цалкам апраўданы. Калі ты слухаеш Шырлі Хорн, узнікае ўражанне, што ты знаходзішся ў Раі. Гэта немагчыма перадаць. Гэта трэба слухаць”.

Па словах Аляксандра Сапегі, у спявачкі Шэран Кларк, з якой “Apple Tea” давядзецца знаёміць мінскую публіку з творчасцю Шырлі Хорн, незвычайныя вакальныя дадзеныя.

Аляксандр Сапега: “У Шэран Кларк неапрацаваны цікавы народны голас. Не прылашчаны, а блюзава-джазава-старадаўні, з трэшчынкай. Незвычайны. Такія людзі не часта да нас прыязджаюць”.

Нагадаем, праект “Джазавы мост” быў створаны з ініцыятывы Інгі Бухвалавай – беларускі, якая жыве і працуе ў Н’ю-Ёрку. Ідэя Інгі зводзіцца да аб’яднання музыкаў з розных краін свету і іх сумеснага музіцыравання.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі