“Апошні крок перад стратай улады”. Аналітык – пра вынік ваеннага становішча

“Апошні крок перад стратай улады”. Аналітык – пра вынік ваеннага становішча

Еўрасаюз увёў новыя, персанальныя і сектаральныя, санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму. Афіцыйны Мінск адрэагаваў дзіўна: папярэдзіў, што адказам на санкцыі будзе ўвядзенне ваеннага становішча спачатку ў Гродзенскай вобласці, а потым і па ўсёй Беларусі.

Як звязаныя санкцыі і ваеннае становішча? Якія пагрозы яно нясе рэгіянальнай бяспецы? Якой будзе рэакцыя на такое рашэнне Мінска як Захаду, так і Расіі і Кітая? На гэтыя пытанні ў стрыме Еўрарадыё  адказвае кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі.

Беларусь уводзіць ваеннае становішча. Які сцэнар рэакцыі будзе ў Расіі?

– Трэба пачаць з таго, што ўсе нашыя суседзі, уключаючы Расію, будуць успрымаць увядзенне ваеннага становішча як крыніцу ваенных пагроз для ўласнай нацыянальнай бяспекі – нават нягледзячы на тое, што мы саюзнікі. Калі пачытаць дактрынальныя дакументы, увядзенне ваеннага становішча ў краінах-суседках Расіі ўспрымаецца як крыніца ваенных пагроз. У такім выпадку Расія звычайна мабілізуе свае войскі, праводзіць раптоўныя праверкі баяздольнасці ў крызісных напрамках.

Трэба ўлічваць новы стратэгічны кантэкст новай перазагрузкі 2.0: халоднай перазагрузкі паміж Масквой і Вашынгтонам, дзе яны дамовіліся супрацоўнічаць, у тым ліку – у вырашэнні рэгіянальных канфліктаў і крызісаў. Калі беларускі бок пойдзе на эскалацыю канфлікту і канчаткова замацуе за сабой статус пагроз і выклікаў для міжнароднай бяспекі, то сітуацыю будуць вырашаць вялікія дзяржавы. Няма сумневу, што Захад можа звярнуцца да Расіі з прапановай вырашыць беларускае пытанне сілавым шляхам.

Тады Расія атрымае карт-бланш на рэалізацыю свайго сцэнару вырашэння беларускага крызісу. Гэты сцэнар быў сфармуляваны адразу пасля пачатку пратэстаў: па-першае, прымушэнне да перамоў паміж уладай і апазіцыяй, што прадугледжвае вызваленне некаторых палітзняволеных, у першую чаргу – Віктара Бабарыку і сябраў ягонай каманды. Па-другое, арганізацыя і правядзенне канстытуцыйнай рэформы, а таксама новыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары без удзелу Аляксандра Лукашэнкі.

Увядзенне ваеннага становішча максімальна пагоршыць пазіцыі афіцыйнага Мінска і зробіць яго настолькі таксічным партнёрам нават для Расіі і Кітая, што ўсе чырвоныя лініі будуць пройдзеныя. Таму спадзявацца, што з дапамогай гэтай эскалацыі атрымаецца дасягнуць нейкіх саступак з боку заходніх краін і Расіі – памылковы разлік.

Ці паверыць у імітацыю дыялога грамадства, апазіцыя і Захад?

– На тактычныя крокі не пагодзіцца ні грамадства, ні міжнародная супольнасць. Яны б маглі спрацаваць яшчэ паўгады таму, але Аляксандр Лукашэнка на паўгады-год спазняецца з рэакцыяй на выклікі, якія генеруюць для ягонай улады заходнія краіны і Расія. Калі Лукашэнка зараз ідзе на саступкі, яны ўжо не ўспрымаюцца міжнароднай супольнасцю і беларускім грамадствам як крокі па дээскалацыі ці як саступкі, якія сапраўды варта канвертаваць у змякчэнне пазіцый адносна беларускіх улад.

Пакуль Лукашэнка не выканае асноўныя ўмовы, якія гучаць з боку заходніх краін і Расіі, ціск будзе ўзмацняцца з боку Масквы і заходніх сталіц. І ў гэтым палягае асноўная пагроза: гледзячы на тое, што саступкі не працуюць і не прыводзяць да перагляду пазіцый у Брусэлі, Вашынгтоне і Маскве, улады могуць прыйсці да высновы, што тактыка саступак не працуе. Каб захаваць палітычны твар, адзінае выйсце – працягваць эскалацыю хаця б на ўзроўні рыторыкі, таму што на ўзроўні дзеянняў рэсурсаў не будзе.

“Апошні крок перад стратай улады”. Аналітык – пра вынік ваеннага становішча
Арсеній Сівіцкі

Якія наступствы напаткаюць уладу? Ці падобны выпадак з Венесуэлай?

– Увядзенне ваеннага становішча стане для беларускай улады апошнім крокам перад тым, як гэтую ўладу страціць. Аб’ектыўныя (перадусім – сацыяльна-эканамічныя) падставы не дазволяць беларускім уладам вельмі доўга утрымліваць сітуацыю з дапамогай ваеннага становішча.

Беларусь не Венесуэла: мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы, нашая эканоміка вельмі адкрытая. Мы ў розных умовах: Венесуэла мае магчымасці абыходзіць санкцыі, і ЗША пакуль заплюшчваюць на гэта вочы, таму што не маюць канчатковага рашэння па Венесуэле. Паралельна з ціскам на Нікаласа Мадура ідуць сакрэтныя перамовы з ягоным рэжымам. Гэта таксама звязана з тым, што ніякай сур’ёзнай моцы і ўплыву на палітычны працэс венесуэльская апазіцыя цяпер не мае. Нават Хуан Гуайдо пасля страты пазіцыі спікера парламента ўжо не прызнаецца некаторымі заходнімі краінамі як палітычны лідэр Венесуэлы.

Беларусь – маленькая краіна, якая моцна залежыць ад падтрымкі Расіі. Яна не плануе ўтрымліваць рэжым Лукашэнкі любымі сродкамі і коштамі. Наадварот: ідзе інтэнсіўная камунікацыя з заходнімі краінамі аб тым, каб вырашыць гэтую праблему. Але галоўны вынік – Лукашэнка страчвае ўладу. Захад гатовы ісці на сур’ёзныя абмежаванні, ўводзіць драконаўскія санкцыі ў тым ліку супраць краін, якія будуць дапамагаць Беларусі абыходзіць санкцыі.

Вага Беларусі ў свеце, палітычная і эканамічная, вельмі малая. Ніхто з вялікіх і рэгіянальных дзяржаў не страціць нічога, калі радыкальны сцэнар геапалітычнага ціску будзе рэалізаваны. Венесуэлу падтрымліваюць Расія і Кітай, бо там яны прысутнічаюць з сур’ёзнымі інвестыцыямі. ЗША таксама вядуць двайную гульню: і санкцыі, і пакупка нафты праз пасярэднікаў.

Лукашэнку ж канчаткова адмовілі ў легітымнасці як кіраўніку дзяржавы, ніякая нармалізацыя з ім немагчымая для заходніх эліт. Яны эмацыйна рэагуюць на сітуацыю: падчас нармалізацыі стасункаў з Беларуссю многія ўклалі свой палітычны капітал. Цяпер яны лічаць, што Лукашэнка іх кінуў, і ім трэба апраўдвацца: чаму Беларусь не атрымалася трансфармаваць у цывільную заходнюю краіну. Таму яны топяць за сур’ёзныя санкцыі і рыхтуюць глебу для змены рэжыму ў Беларусі. Іншымі матывамі ўвядзенне драконаўскіх санкцый апраўдаць немагчыма.

Цалкам гутарку з Арсеніем Сівіцкім глядзіце ніжэй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі