Апазіцыянеры пазмагаюцца за адзіную пуцёўку ў Палату прадстаўнікоў

13 студзеня сустаршыня міжнароднага грамадскага аб'яднання "Малады фронт" (зарэгістраванага ў Чэхіі) Андрэй Цянюта падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне яго кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.


Нагадаем, на выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2012 годзе дэпутат ад Навабеліцкай акругі не быў абраны. І праўладны, і апазіцыйны кандыдаты зняліся з выбарчай гонкі, а за адзінага кандыдата па акрузе ад ЛДП выбаршчыкі не прагаласавалі.


Як паведаміў БелаПАН Андрэй Цянюта, у яго ініцыятыўнай групе 11 чалавек, падтрымліваць вылучэнне будуць "Малады фронт" і гомельская кааліцыя "Наша альтэрнатыва". Паводле слоў сустаршыні арганізацыі, ён першы падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы.


14 студзеня ў акруговую камісію па Навабеліцкай акрузе таксама мае намер падаць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў актывіст АГП Уладзімір Няпомняшчых. Летась ён балаціраваўся па гэтай акрузе, але незадоўга да выбараў зняў сваю кандыдатуру.



Аб кандыдацкіх амбіцыях заявіла і актывістка руху "За Свабоду" Галіна Краўчанка. У падтрымку яе кандыдатуры выступілі восем гомельскіх дэмакратычных суб'ектаў (палітычных партый, ініцыятыў, рухаў).



Не выключана, што хтосьці яшчэ з дэмакратычных актывістаў падасць дакументы на вылучэнне кандыдатам у дэпутаты парламента па Навабеліцкай акрузе.



Выбары ў Гомелі пройдуць 23 сакавіка, у дзень, калі па Беларусі пройдуць выбары ў мясцовыя саветы.
 

Фота — bymedia.net
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі