Апазіцыя пра сустрэчу з еўрадэпутамі: Яны займаюць прынцыповую пазіцыю

У пятніцу 19 чэрвеня прадстаўнікі беларускай апазіцыі сустракаліся ў Мінску з еўрадэпутатамі.  Асноўнае пытанне — выбары прэзідэнта, якія з вялікай доляй верагоднасці будуць прызначаны на 11 кастрычніка.  

Еўрапарламентарыяў цікавіла меркаванне датычна падрыхтоўкі да выбараў, пытанні наконт іх шчырасці і сумленнасці, разнастайныя спецыфічныя нюансы. Падчас візіту прадстаўнікі Еўрапарламента сустрэліся з сябрамі Цэнтрвыбаркаму і іншых структур улады.

“Мы звярнулі ўвагу на самыя прынцыповыя рэчы: уключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчыя камісіі, магчымасць агітацыі і свабодная праца СМІ. Мяркую, нашу заклапочанасць датычна праблемаў еўрадэпутаты зразумелі”, — лічыць намеснік старшыні “Справядлівага свету” Валерый Ухналёў, які ўдзельнічаў у сустрэчы.   

На думку апазіцыйнага палітыка, еўрадэпутаты займаюць прынцыповую пазіцыю, арыентуюцца ў беларускіх рэаліях і чакаюць ад уладаў канкрэтных дзеянняў і выканання выбарчага кодэксу. Нашы апазіцыянеры, як апавядае Ухналёў, таксама імкнуліся да аб’ектыўнасці.  

“Пакуль выбары не аб’яўленыя, складана казаць пра парушэнні. А раптам улады раз — і зробяць усё шчыра! У што я асабіста не веру. Аднак пакуль мы не можам казаць пра тое, што ёсць вялікія праблемы”, — лічыць Ухналёў.

Пры гэтым палітык адзначае што першыя праблемы з’явіліся ўжо. Звязаны яны з нерэгістрацыяй аб’яднання “За справядлівыя выбары” і лёгкім ціскам на людзей, якія плануюць быць сябрамі ініцыятыўных груп апазіцыйных кандыдатаў.

Фота з архіву

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі