Андрэй Лянкевіч друкуе ў Літве кнігу пра беларускае паганства

Вядомы беларускі фатограф Андрэй Лянкевіч рыхтуе кнігу-фотаальбом пад назвай "Беларускае паганства". Яна будзе надрукавана ў літоўскім горадзе Коўна. "Гэта гісторыя пра беларускае паганства, якую я здымаў на працягу трох гадоў. Зараз гэта візуалізуецца ў кнізе", — распавёў Андрэй у размове з Еўрарадыё.

Па яго словах, ёсць два вялікія факты, якія перашкаджаюць нармальнай працы ў Беларусі: па-першае, колькасць фотавыстаў у Нацыянальным мастацкім музеі, "якая ўпэўнена імкнецца да нуля". А па-другое — недастатковая колькасць галерэй, дзе можна зладзіць выставу.
 
"Такое ж стаўленне і ў людзей да фатаграфіі — нявыпрацаванае абсалютна", — працягвае Андрэй. — "З іншага боку — ёсць стаўленне дзяржавы, якая дагэтуль не сфармавала для сябе стаўленне да фатаграфіі, як да мастацтва, і адсутнасць калекцыі сучаснай фатаграфіі ў Нацыянальным мастацкім музеі альбо ў Музеі сучаснага мастацтва — факт, які пацвярджае ўсе гэтыя словы".
 
Праект "Беларускае паганства" — дакументальны, над якім аўтар працаваў сумесна з супрацоўніцай Акадэміі навук Ірынай Мазюк, якая займалася даследаваннем татэмных жывёл, раслін, месцаў і капішч, якія здымаў Андрэй.


 
Андрэй Лянкевіч: "Кніга будзе складацца з чорна-белых фотаздымкаў.  У канцы кнігі ёсць тлумачэнне кожнай традыцыі, рытуальных жывёл і г.д., то бок тлумачыцца, чаму той ці іншы фотаздымак уключаны ў кнігу".
 
Чакаецца, што кніга "Беларускае паганства", у якую ўвойдзе прыкладна 250 фотаздымкаў, будзе надрукавана ў Літве напрыканцы гэтага тыдня. Прэзентацыю ў Беларусі Андрэй Лянкевіч плануе на канец верасня ці пачатак кастрычніка ў мінскім філіяле інстытута Гётэ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі