Андрэа Віктарын — пра візавыя перспектывы беларусаў у ЕС

Андрэа Віктарын — пра візавыя перспектывы беларусаў у ЕС

Візавыя перамовы паміж Беларуссю і Еўрасаюзам цягнуцца з 2015 года, але застаюцца моманты, якія яшчэ неабходна ўзгадніць. Пра гэта ў інтэрв'ю парталу tut.by распавяла кіраўніца прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын.

Нядаўна МЗС Беларусі паведаміў, што ЕС ставіць перад Беларуссю патрабаванні, якіх не выстаўляў іншым краінам. Напрыклад, гэта падача дакументаў толькі праз візавыя цэнтры, што аўтаматычна прывядзе да падаражання візаў. Да той самай Расіі такіх патрабаванняў не выстаўлялі.

"Гэта ні ў якім разе не пытанне параўнання краін паміж сабой — хутчэй, пытанне ў тым, у які час вядуцца гэтыя перамовы. Пагадненне з Расіяй было падпісанае ў зусім іншы час. Што тычыцца візавых цэнтраў, то гэта рашэнні дзяржаў — чальцоў шэнгенскай прасторы: некаторыя вырашаюць, што візавыя цэнтры патрэбныя, але пры гэтым ні адна амбасада не закрыла сваю візавую секцыю", — адказала дыпламат.

Па словах Віктарын, Беларусь і Еўрасаюз зрабілі шмат з вызначаных у 2016 годзе 29 крокаў па збліжэнні. Наша краіна атрымала больш шырокі досту, напрыклад, да да праграм Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. ЕС адмяніў квоты на экспарт беларускага тэкстылю. 

"З нашага боку была адна просьба: каб у Беларусі з'явіўся нацыянальны інстытут, які абараняе правы чалавека. І пакуль мы чакаем ад Беларусі рэалізацыі гэтага кроку", — падкрэсліла яна.

Віктарын дадала, што ЕС чакае ад Беларусі прагрэсу ў сферы дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права. Гэта важная ўмова для паляпшэння адносінаў паміж бакамі.

Што да базавага пагаднення паміж нашай дзяржавай і ЕС, то дыпламат, спасылаючыся на міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, прапануе ісці крок за крокам: "Спачатку трэба падпісаць прыярытэты партнёрства, а затым Еўрасаюз павінен атрымаць мандат краін — чальцоў ЕС на далейшае вядзенне перамоваў". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі