Амерыканская амбасадар на “Амбасовішчы” казала па-беларуску (фота+відэа)

12 верасня на тэрыторыі ЗША ў Беларусі – рэзідэнцыі амерыканскага амбасадара ў Раўбічах – прайшоў трэці па ліку фестываль “Амбасовішча”. Карэн Сцюарт выйшла распачынаць канцэрт у нацыянальнай беларускай кашулі і звярнулася да прысутных па-беларуску. Ігар Варашкевіч падараваў ёй новы альбом “КРАМЫ”, Лявон Вольскі прысвяціў песню “Госці”, а Аляксандр Кулінковіч не стаў спяваць песню “Забі амерыканца”. Адносна кашулі амерыканскі амбасадар зазначыла, што чырвоны яе любімы колер і ён добра глядзіцца на белым фоне. А пра першае для яе як амбасадара “Амбасовішча” сказала, што мэта яго -- падтрымаць беларускія гурты, даць ім магчымасць выступіць і арганізаваць канцэрт разнастайнай беларускай музыкі.

Карэн Сцюарт: “Вы прадстаўляеце розныя музычныя напрамкі і стылі. Кожны з вас сцвярджае сваю ўласную культурную, сацыяльную, асабістую і палітычную пазіцыю. Аднак усе вы аб’яднаныя прыродным дарам звяртацца да вашых слухачоў і даносіць да іх свае пачуцці і думкі пра жыццё, любоў і родны кут”.

Канцэрт працягваўся больш за 6 гадзін. Перад слухачамі, асноўную колькасць якіх складалі самі музыкі, супрацоўнікі амбасадаў іншых краін у Беларусі і журналісты, выступілі 20 гуртоў. Выступ абмяжоўваўся трыма песнямі, але ніхто не крыўдаваў на абмежаванасць часу. Сама ж амбасадар, якая заняла гэтую пасаду год таму, зазначыла, што фестываль даў магчымасць лепш пазнаёміцца з краінай, дзе ёй давялося працаваць.

Карэн Сцюарт
: “Я ўпэўнена, што сёння не толькі пашырацца мае веды пра музыку, але і паглыбіцца маё ўяўленне пра Беларусь. Яе гісторыю, культуру і людзей, якімі я шчыра захапляюся”.

Па словах памочніка прэс-аташэ амерыканскай амбасады Алеся Круглякова, “Амбасовішча” нарадзілася тры гады таму, калі тагачасны амабадар ЗША Крол пажадаў сустрэцца з беларускімі музыкамі. Назва ж нарадзілася толькі летась.

Алесь Круглякоў: “Нешта такое сугучнае атрымалася ад амбасады і Басовішча. Канешне, мы не прэтэндуем на той размах, які ёсць у Польшчы. Але адкрываць і падтрымліваць новыя імёны, зразумела, нам прыемна”.

Паводле вынікаў галасавання прысутных на "Амбасовішчы", найбольшую колькасць галасоў атрымала група "Dali". Аднак музыкі гэтага калектыву, спаслаўшыся на тое, што ім няёмка другі год запар атрымліваць прыз, адмовіліся ад DVD-камэры, у выніку чаго яна была ўручана маладой групе "Lite Sound", якая набрала другую суму галасоў. Таксама прызамі амбасады ЗША ў Беларусі былі адзначаны групы "Кляўс энд Фляйн" з Наваполацку, мінскія гурты "P.L.A.N." і "Гурзуф".



























Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі