Вы тут

Амерыканцы ліквідавалі галоўнага ваеннага стратэга Ірана

Reuters

Амерыканцы ліквідавалі галоўнага ваеннага стратэга Ірана, камандзіра элітнага спецпадраздзялення "Аль-Кудс" генерала Касэма Сулеймані. Ён быў забіты ў Іраку ў выніку авіяўдару на загад прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Іран ужо паабяцаў жорстка адказаць Злучаным Штатам за гэтае забойства, у краіне аб'явілі трохдзённую жалобу, інфармуе "Бі-Бі-Сі".

Сулеймані лічылі шэрым кардыналам, які дэ-факта выконваў абавязкі міністра замежных спраў Ірана, стаяў за яго неабмежаванымі амбіцыямі на Блізкім Усходзе. На яго рахунку не толькі шматлікія спецаперацыі, але і правакаванне рэгіянальных канфліктаў. ЗША лічаць генерала тэрарыстам.

Касэм Сулеймані знаходзіўся ў аўтамабілі ў аэрапорце Багдада, калі беспілотнікі (па іншай версіі — амерыканскія верталёты) нанеслі ракетны ўдар. Мясцовая паліцыя паведаміла пра гібель аднаго і раненні дзевяці чалавек. Па іншых звестках, ракеты трапілі ў дзве машыны, загінулі 7 чалавек, у тым ліку іранскі генерал і кіраўнік шыіцкай групоўкі "Катаіб Хэзбала" Абу Махдзі Мухандзіс.

У Пентагоне заявілі, што ліквідацыя Сулеймані накіравана на прадухіленне новых нападаў на амерыканцаў з боку Ірана. Нядаўна адбыўся напад на амерыканскую дыпмісію ў Багдадзе, за якой імаверна стаяў камандзір "Аль-Кудс". Агулам, як лічаць у Вашынгтоне, Сулеймані і яго спецпадраздзяленне маюць дачыненне да гібелі соцень амерыканскіх вайскоўцаў і вайскоўцаў міжнароднай кааліцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.