Амбасадар ЗША асабіста паедзе ў лякарню да збітага Хведарука

Сёння Карэн Сцюарт асабіста наведае збітага міліцыянтамі Змітра Хведарука. Учора гэта спрабавалі зрабіць супрацоўнікі амбасады ЗША.
Сёння ў інфармацыйным цэнтры амбасады ЗША ў Мінску прайшоў брыфінг, на якім амбасадар Злучаных штатаў Карэн Сцюарт жорстка асудзіла дзеянні ўладаў падчас разгону мірнай дэманстрацыі на Кастрычніцкай плошчы.

“Перад тым, як я пачну, я хацела б асудзіць дзеянні ўлады супраць мірнай дэманстрацыі. Учора Зміцер Хведарук быў жорстка збіты міліцыянтамі ў форме. Зараз ён знаходзіцца ў лякарні, і мы будзем надалей спрабаваць сустрэцца з ім”.

Еўрарадыё запытала ў спадарыні Сцюарт, чаму не атрымалася сустрэцца са Змітром Хведаруком. А таксама – ці будзе амбасадар асабіста спрабаваць сустрэцца са збітым дэмакратычным актывістам:

Еўрапейскае радыё для Беларусі: Спадарыня амбасадар, чаму не атрымалася сустрэцца са Змітром Хведаруком, і ці будзеце вы асабіста з ім сустракацца?

Карэн Сцюарт: Двое супрацоўнікаў амбасады ЗША спрабавалі наведаць Змітра ўчора, аднак ім сказалі, што ўжо не час для наведванняў. Яны паразмаўлялі з маці Змітра і ягонымі сябрамі. Мы сапраўды будзем спрабаваць наведаць сёння пасля абеду ці ўвечары, калі ўжо будуць часы для наведвання”.

Амбасадар таксама падкрэсліла, што не лічыць прычынамі разгону ўчорашняй мірнай дэманстрацыі паездку дэмакратычных актывістаў у ЗША:

“На гэты момант я не думаю, што людзі пакутавалі з-за таго, што яны паехалі ў Вашынгтон. На мой погляд, гэта адбылося з-за таго ж, з-за чаго мы запрасілі іх у Вашынгтон: яны з’яўляюцца вельмі актыўнымі дэмакратычнымі лідэрамі і актывістамі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі