Альтэрнатыва для Беларусі: "рускі мядзведзь" ці балта-чарнаморскі наратыў?

Двухгаловы арол або герб "Пагоня" — вось у чым пытанне / Еўрарадыё
Двухгаловы арол або герб "Пагоня" — вось у чым пытанне / Еўрарадыё

На сённяшні дзень для Беларусі, Украіны і прыбалтыйскіх дзяржаў вельмі востра стаіць пытанне выжывання і захавання незалежнасці: побач Расійская Федэрацыя, якая не страціла імперскіх замашак. Што рабіць краінам-суседкам для таго, каб не стаць часткай агрэсіўнай імперыі?

— Ёсць два простыя лозунгі, якімі трэба кіравацца: "За нашу і вашу свабоду" і "За нашу і вашу бяспеку", — расказвае ў эфіры Еўрарадыё дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда. — Калі мы не разумеем, што Беларусь павінна быць удзельнікам еўрапейскай прасторы бяспекі, то гэта значыць, што мы не да канца бачым яе ролю і месца на палітычнай карце свету. Мы не можам сабе дазволіць запускаць такія патокі дэзынфармацыі, як гэта робіць Расія. Па-першае, гэта брыдка. Па-другое, калі мы хочам людзям нешта тлумачыць, то мы павінны іх перацягваць на свой бок, пры гэтым кажучы ім праўду.

Мы павінны ствараць агульны цэнтральнаеўрапейскі ці балта-чарнаморскі наратыў, у якім ёсць месца Украіне, Беларусі, Польшчы, краінам Балтыі і краінам Цэнтральнай Еўропы. Тады мы зможам паказаць, што імперскі наратыў далёка не заўсёды спрацоўвае.

— Але ёсць адзін момант: многія не разумеюць, што служыць імперыі можа быць не менш захапляльна і прывабна, чым змагацца за ідэалы дэмакратыі, — працягвае Яўген Магда. — Гэта праўда. Калі вы гэта зразумееце, тады можна будзе паставіць сябе на месца вашых апанентаў і зразумець, чаму яны "з штаноў выскокваюць", расхвальваючы двухгаловага арла і Уладзіміра Уладзіміравіча [Пуціна. — Еўрарадыё]. Але ў дэмакратычным грамадстве жыць цікавей. Дэмакратыя не прадугледжвае аднастайнасці думак.

Ёсць тыя, хто лічыць, што з Пуціным трэба лічыцца. Ёсць і тыя, хто мяркуе, што з Пуціным трэба змагацца, — і гэта таксама дэмакратыя. Але я ніколі не зразумею тых, хто лічыць, што трэба толькі капітуляваць. Гэта не дэмакратыя, гэта самаўніжэнне. Гісторыя нашых народаў паказвае, што тых, хто здаецца, іх, як правіла, проста расстрэльваюць і забіваюць.

Альтернатива для Беларуси: “русский медведь” или балто-черноморский нарратив?
Мітынг супраць інтэграцыі з Расіяй. Мінск, 2019 / Еўрарадыё

Нягледзячы на рыторыку ўкраінскіх уладаў, супрацоўніцтва Беларусі і Украіны — як мінімум у сферы эканомікі і гандлю — працягваецца. Ці значыць гэта, што Уладзімір Зяленскі — "гібрыдны" хаўруснік Лукашэнкі?

— Па сутнасці, такая фармулёўка ёсць праўда, — упэўнены эксперт. — Летась беларускае сальда было ўдвая вышэйшае за ўкраінскае. Удвая больш прадавалі, чым купілі ва Украіне. Ужо тады гучалі крытычныя словы на адрас Беларусі? Гучалі. Паглядзім па выніках гэтага года, як гэта зменіцца. Я думаю, будзе дрэнна, калі гандаль скароціцца. Але будзе яшчэ горш, калі гэтая прапорцыя захаваецца. Акажацца, што Беларусь працягне атрымліваць з Украіны досыць вялікія фінансавыя сродкі, мільярды долараў.

Ці можа ў часе палітычнага крызісу спрацаваць палітыка замірэння, маўляў, "не трэба дражніць рускага мядзведзя"? Ці можа гэта гарантаваць, што мядзведзь аднойчы не нападзе?

— Але ж Украіна стала ахвярай расійскай агрэсіі тады, калі яна была пазаблокавай дзяржавай, калі мы [ўкраінцы. — Еўрарадыё] не гаварылі пра рух у НАТА. І мы сталі "саламяным бычком" , у баку якога захрасла лапа рускага мядзведзя. За гэты час мы ўжо прайшлі пэўны шлях ад "саламянага бычка" да "нармальнай жывёлы", якая здольная супраціўляцца, якая выстаяла. І гэта таксама навука для еўрапейскіх палітыкаў. Таму што яны хочуць быць для Расіі як вуллі з мёдам, калі расійскія грошы туды заходзяць. Але часам мядзведзь хоча з вулля мядку зачэрпаць, — падсумоўвае Яўген.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі