Алімпійскі чэмпіён пра Новікаву: Гэта правакацыя, карупцыя, ці дылетанцтва

“Ён быў там разам з расіянінам Сандалавым, іх турнуць адтуль, калі скажуць што-небудзь супраць, — абураецца, распавядаючы пра Аляксандра Курловіча, яшчэ адзін легендарны беларускі штангіст, алімпійскі чэмпіён Леанід ТАРАНЕНКА. — Яго мы кормім, падаткаплацельшчыкі, а ён не можа адстаяць нашы інтарэсы. Гэта сорамна. Дык якога, скажыце, чорта, пасылаць туды сваіх людзей і траціць грошы? Калі яны не могуць знайсці кантакт з іншымі такімі ж людзьмі. Таму што чалавечы фактар іграе ролю, мы гэта ведаем”.

Скрын-шот з сайта Міжнароднай цяжкаатлетычнай федэрацыі 


Ці зрабіла Настасся Новікава памылку ў апошняй спробе? Пра гэта Леанід Тараненка выказваецца катэгарычна:

Яна ні ў першай, ні ў апошняй не дапусціла памылкі. Гэта — думка спецыяліста. У чым я разбіраюся, гэта ў падняцці штангі. Ніякіх памылак не было, — працягвае Леанід Тараненка. — Гэта нейкая правакацыя ці карупцыя. Ці дылетанцтва суддзяў, з якіх там былі, напрыклад, нарвежац і новазеландзец. Гэтыя людзі на 100% далёкія ад штангі. Яны ніколі не датыкаліся да грыфу нават. І як яны могуць судзіць? Сёння, каб атрымаць судзейскае пасведчанне міжнароднай катэгорыі,  трэба заплаціць, умоўна кажучы, 500 долараў, прачытаць правілы ў інтэрнэце – і ты суддзя міжнароднай катэгорыі. Мільёны людзей глядзяць і бачаць, што чалавек штангу падняў, а вось тры гэтыя (не хачу выражацца моцна) палічылі, што яна не падняла”.

Прозвішча Аляксандра Курловіча,  у мінулым двухразовага алімпійскага чэмпіёна, пазначана ў афіцыйным спісе ўдзельнікаў апеляцынага журы. Дакумент выкладзены на сайце Міжнароднай цяжкаатлетычнай федэрацыі.  Дазвоньваемся Аляксандру Курловічу прама ў Лондан падчас спаборніцтваў, якія ён судзіць.

Аляксандр Курловіч: "Гэта была мая група журы, але ў той момант я быў рэзервовым. Я вёў пратакол. Сярод пяці ўдзельнікаў журы мяне не было. Суддзі падчас спаборніцтваў не маюць права даваць інтэрв’ю, нешта каментаваць. За гэта могуць выгнаць. Я проста сказаў пра тое, дзе я быў а дзе не быў. Сам бы хацеў паразмаўляць на гэту тэму, але такія правілы. Абяцаю выказацца пасля Алімпіяды”.

Аляксандр Курловіч. Фота noc.by


Старшыня калегіі суддзяў Беларускага цяжкаатлетычнага саюза Віктар ЛАДУСЬ, як ні стараўся, не ўгледзеў у Новікавай памылкі, з-за якой варта было адмяняць заключную спробу.

Віктар Ладусь: “Калі глядзіш па тэлевізары, гэта іншае ўражанне. Але я раскачкі штангі не пабачыў. Дажыму таксама не было. Калі яна зафіксавала штангу, была вібрацыя. Вось і ўсё. Але такія моманты заўжды залічваліся. Яна ж не на першых спаборніцтвах выступала. І раней ніколі не было, каб ёй не залічылі. У азербайджанкі, якая мела балгарскае прозвішча, быў відавочны дажым. Але ёй усе трое суддзяў спробу залічылі".

 

Па словах прэс-сакратара Мінспорта Уладзіміра Несцяровіча, беларуская каманда падала апеляцыю на дзеянні суддзяў тут жа, як толькі Новікавай не залічылі спробу.

Уладзімір Несцяровіч: “Яе асабісты трэнер, галоўны трэнер зборнай і шэф беларускай місіі накіраваліся для таго, каб падаць пратэст. Але ім не далі гэта аператыўна зрабіць, бо сказалі што ўсё, спаборніцтвы завершаныя, зараз пачнецца працэдура ўзнагароджвання пераможцаў. Пасля гэтага вяліся жорсткія размовы з удзельнікамі журы. Пасля гэтага пратэст у пісьмовай форме быў накіраваны на адрас аргкамітэта Алімпійскіх гульняў”.

Такая спецыфіка цяжкай атлетыкі, што ўсе пратэсты рэальна можа задаволіць толькі журы.

Іншыя пратэсты, якія склала беларуская дэлегацыя, будуць мець толькі сімвалічнае значэнне. Бронзавы медаль Беларусі наўрад ці вернуць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі