Алесь Лагвінец: Улада свядома ідзе на пагаршэнне адносінаў з Захадам

111124 Lagvinec_site_0.mp3

Алесь Лагвінец: Міжнародная супольнасць ужо канкрэтна выказалася – учора, напярэдадні прысуду былі адпаведныя заявы. Я думаю, што асуджэнне беларускіх уладаў будзе працягвацца, відавочна, што свайго іміджу ўлады не палепшылі. Абраная тактыка на далейшае задушэнне грамадзянскай супольнасці, відавочна, што дэмакратычныя краіны не будуць мірыцца з гэтым.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, ці будзе пашыраны спіс эканамічных і візавых санкцый супраць Беларусі ў сувязі з прысудам Алесю Бяляцкаму?


Алесь Лагвінец: Гэта цалкам магчымы варыянт. Людзі, якія такім чынам паказалі сваю непавагу да базавых правоў і свабод грамадзян, могуць быць унесеныя ў спіс непажаданых людзей для Еўрапейскага саюзу. Я думаю, гэты варыянт разглядаецца ў Брусэлі, але ўсё адно гэта будуць кропкавыя дзеянні, наўрад ці Еўразвяз здолее прыняць больш маштабныя крокі для таго, каб паўплываць на беларускія ўлады. Больш за тое, пры сённяшнім пацяпленні і такой сардэчнай згодзе паміж Беларуссю і Расіяй, ціск з боку Захаду не будзе мець такога эфекту, які быў бы калі б Беларусь цалкам была ізаляваная.

Еўрарадыё: Але быў момант, калі пасля візіту ў Мінск міністра замежных справаў Балгарыі пачалі выпускаць палітзняволеных. Прыгавор Бяляцкаму сведчыць, што дамова з Еўропай скончаная?


Алесь Лагвінец: Яна, відаць, была скончаная на пачатку кастрычніка, калі не выйшлі ўсе тагачасныя палітвязні. Рэжым пачаў выконваць частку сваіх абяцанняў, але потым сітуацыя стала нявызначанай. І мы бачым, што пасля наладжвання адносінаў з Расіяй, беларускія ўлады проста грэбуюць сваімі абяцаннямі або чаканнямі з боку Еўрасаюзу.

Еўрарадыё: А як гэты прысуд можа адбіцца на палітыцы Еўрасаюзу ў дачыненні да Беларусі? Ці будуць гэта і далей спробы дамаўляцца ці гэта будзе больш жорсткая пазіцыя?


Алесь Лагвінец: Трэба заўсёды ўсведамляць, што да таго моманту, пакуль Расія падтрымлівае беларускі рэжым, любы ціск Захаду можа быць контрпрадуктыўны. З гэтага гледзішча сёння Еўрасаюз, вядома, хутчэй за ўсё ўзмоцніць асуджэнне беларускіх уладаў, пашырыць спіс неўяздных, але агульнамаштабныя эканамічныя санкцыі Еўрасаюз сёння не гатовы ўвесці, так мне падаецца. Калі ёсць такі пратэктарат з боку Расіі, любыя спробы ўздзейнічаць на беларускія ўлады наўрад ці дадуць вялікі эфект. Беларускія ўлады свядома ідуць на тое, каб пагаршаць адносіны з Захадам, паколькі яны чакаюць станоўчай рэакцыі з боку Расіі. Спачатку была разгромленая палітычная апазіцыя, зараз ідзе разгром грамадзянскай супольнасці і тых, хто дапамагае людзям, якія церпяць ад рэжыму. Але мне падаецца, што такія крокі з боку беларускіх уладаў маюць абмежаваны эфект, бо наша грамадзянская супольнасць дастаткова моцная, каб супрацьстаяць такому ціску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі