Алесь Бяляцкі: Колькасць палітычных вязняў выйдзе на заўважны ўзровень

Алесь Бяляцкі: Колькасць палітычных вязняў выйдзе на заўважны ўзровень

Еўрарадыё: Прайшлі парламенцкія выбары, і пытанне правоў чалавека зноў уздымаецца Захадам. На якія саступкі можа пайсці беларускі рэжым, калі казаць пра сферу правоў чалавека? Можа гэта перспектыва з'яўлення амбудсмэна, адсутнасць новых палітвязняў?

Алесь Бяляцкі: Прагнозы мае песімістычныя. Па вялікім рахунку, нашая сітуацыя ўжо замарожаная на працягу больш чым года пасля таго, як выпусцілі палітвязняў  у мінулым годзе. Мы не заўважаем, праводзячы аналіз сітуацыі штомесяц, нейкіх сур'ёзных паляпшэнняў. Яна не пагаршаецца ў агульных маштабах, але ў той жа час мы бачым, што ўлады працягваюць цалкам кантраляваць грамадскую актыўнасць у Беларусі і пераследуюць грамадскіх актывістаў, не даюць магчымасці працаваць няўрадавым арганізацыям, не рэгіструюць іх і новыя палітычныя ініцыятывы, працягваецца прэсінг на незалежную прэсу. Усе гэта застаецца, і тыя выбары, якія зараз адбыліся, нічога новага не дадалі. Мы бачылі кампанію, можа, без высокага ўзроўню рэпрэсій супраць актывістаў, але выбары былі сфальсіфікаваныя і праведзеныя па такому ж сцэнару, як яны праводзіліся ўсе папярэднія разы.  У новы парламент увайш ло два новых дэмакратычных кандыдата. На жаль, яны не былі абраныя нармальным дэмакратычным шляхам, увайшлі туды па “прэзідэнцкаму спісу”. Гэта значыць, што нават такая дэмакратыя ў парламенце, яна дазаваная, абсалютна пад кантролем, яна запланаваная ў стратэгічнай гульні беларускіх уладаў на сённяшні дзень. Дзеля чаго гэта трэба, таксама зразумела – для легітымізацыі беларускага парламенту, легітымнасці беларускіх уладаў у вачах, у першую чаргу, Захаду, з перспектывай атрымання большай фінансавай падтрымкі для ўтрымання гэтага рэжыму. Прынамсі, праект і план уладаў такі. Наколькі гэтыя дэпутаты змогуць выламацца з гэтага плана – гэта наступнае пытанне. Мне падаецца, што два чалавекі не змогуць зрабіць надвор’е ў 110-асабовым парламенце, які мы маем на сённяшні дзень.

Еўрарадыё: Калі мы кажам пра парламент, верагодна, гэтыя два дэпутаты будуць падымаць пытанне адраджэння беларускай мовы ці нейкіх ліберальных рэформаў у эканоміцы. Ці будуць яны падымаць пытанне правоў чалавека?

Алесь Бяляцкі: Гэтае пытанне таксама датычыцца правоў чалавека, бо вольная эканоміка робіць грамадства больш вольным, дае больш магчымасцяў для нармальнага яго развіцця. Але, нават, калі такія пытанні і будуць падымацца, як гэтыя пытанні будуць вырашацца? Маючы на сённяшні дзень і зноў палітычных вязняў. Мы гаворым пра вязняў, якія прызнаныя палітычнымі вязнямі ў Беларусі. Гэта Міхаіл Жамчужны і Уладзімір Кондрусь. Мы гаворым пра тое, што ў нас у бліжэйшы час зноў жа  адбудуцца палітычныя суды над Эдуардам Пальчысам і Змітром Паліенкам. І чым скончацца гэтыя суды? Верагодна, што колькасць палітычных вязняў у нас зноўку выйдзе на нейкі заўважны ўзровень. І жаданне кантраляваць грамадства нікуды не дзелася, а гэта працягвае рабіцца ў больш завуаляваных формах і, можа, пераследуюцца не першыя лідары палітычнай апазіцыі, але, тым не менш, ціск на ўсё грамадства адчуваецца і ён існуе. Мы не бачым палітычнага жадання ўладаў штосьці мяняць у самой краіне. Есць жаданне захаваць усё, як ёсць.

Еўрарадыё: Сітуацыя са смяротным пакараннем. Здавалася б, увесці мараторый — гэта палітычнае рашэнне,  і на гэтым рашэнні рэжым нічога не губляе. Чаму рэжым упіраецца, бо для Захаду гэта быў бы сапраўдны крок?      

Алесь Беляцкі: Мяркую, што для ўлады і Лукашэнкі, у першую чаргу, у адмене смяротнага пакарання ёсць пэўная сімволіка і постсавецкі код. Тое, што існавала ў Савецкім Саюзе, мусіць існаваць і ў Беларусі. Гэта вельмі важна для Лукашэнкі. Гэта сігнал, які ён пасылае сваёй вертыкалі і электарату, які яго падтрымлівае. Маўляў, у краіне існуе моцная рука, жорсткая сістэма кіравання краінай, якая можа дапусціць сабе гэтае смяротнае пакаранне. Хаця, думаю, што ў перспектыве, можа, агульны ціск міжнароднай супольнасці і беларускай грамадскасці змусіць беларускія ўлады пайсці на ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. Як хутка гэта адбудзецца, пабачым, мы будзем працаваць над гэтым у бліжэйшы час.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі