Вы тут

Акумулятарны завод пад Брэстам яшчэ не пачаў працу

Акумулятарны завод пад Брэстам / www.b-g.by

Акумулятарны завод пад Брэстам планавалі запусціць напрыканцы студзеня 2021 года, аднак пакуль што пра афіцыйнае адкрыццё пакуль нічога не чуваць. 

Арыенціровачныя тэрміны ўводу акумулятарнага завода ў эксплуатацыю назваў амаль чатыры месяцы таму дырэктар "Акумулятарнага Альянсу" Дзмітрый Бутаў на сустрэчы з гараджанамі. Па першапачатковых планах, прыёмачная камісія мусіла завяршыць сваю працу напрыканцы студзеня. 

Аднак цяпер журналістам TUT.by сказалі ў прэс-службе "Акумулятарнага Альянса", што спецыялісты ўсё яшчэ працуюць: "Тэрмін працы вызначаны да пачатку лютага".

Тым часам пра мясцовы рэферэндум наконт лёсу завода нічога не чуваць. Правядзенне такога рэферэндуму абяцаў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з брастаўчанамі ўлетку 2020 года. Пасля гэтага ўлады правялі некалькі сустрэч з праціўнікамі будаўніцтва. Апошняя з іх адбылася 12 кастрычніка з намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзем Барысюком. Ён заявіў, што для рэферэндуму жыхары Брэста і Брэсцкага раёна павінныя стварыць ініцыятыўную групу і падаць адпаведную заяву.

Праваабаронца Раман Кісляк кажа, што стварыць ініцыятыўную групу прашкаджае пандэмія каранавіруса. "Праводзіць сходы і збіраць подпісы ў такіх умовах практычна немагчыма. Мы разлічваем пасля паляпшэння эпідэміялагічнай сітуацыі правесці сход ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму і адправіць у Тэльмінскі сельскі савет дакументы на яе рэгістрацыю. Калі ініцыятыўную групу зарэгіструюць, зможам прыступіць да збору подпісаў для таго, каб ініцыяваць правядзенне мясцовага рэферэндуму", — кажа праваабаронца.

Брастаўчане два гады змагаліся супраць экалагічна шкоднага завода, які пабудавалі на ўскрайку горада. Урэшце абласныя ўлады спынілі будаўніцтва, а кіраўніцтва фірмы "АйПаўэр" было затрыманае супрацоўнікамі КДБ. Але пасля таго, як адным з новых гаспадароў стаў экс-хакеіст Дзмітрый Баскаў, набліжаны да Лукашэнкі, будаўніцтва завода аднавілася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.