Актывістка "Русі маладой": "Вельмі дваякая сітуацыя з георгіеўскімі стужкамі"

Скрыншот з відэа Еўрарадыё​
Скрыншот з відэа Еўрарадыё​

8 траўня Еўрарадыё ў цэнтры Мінска выпадкова здымае на відэа, як маладыя людзі ў чырвоных майках з эмблемай "Русь Маладая" раздаюць мінакам георгіеўскія стужкі. Калі мы задаём ім пытанне аб тым, ці ведаюць яны, што за сімвал трымаюць у руках, усе ківаюць на далікатную дзяўчыну, а яна пачынае распавядаць нам пра "аранжавы — колер агню, і шэры — колер дыму...".

Пазней мы адшукалі гэтую дзяўчыну ў сацсетках. Яе клічуць Лона Крыцкая, яна з Лепеля (Віцебская вобласць). Дзяўчына вучыцца ў БНТУ на першым курсе, спецыяльнасць — энергаэфектыўныя тэхналогіі і энергетычны менеджмент. Бюджэтніца.

Лона Крыцкая распавяла Еўрарадыё, хто прывёў яе ў "Русь маладую", што яна ведала пра георгіеўскія стужкі да таго, як адправілася з імі на мінскія вуліцы, і ці пойдзе іх раздаваць зноў.

Еўрарадыё: Як вы трапілі ў арганізацыю "Русь маладая"?

Лонна Крыцкая: Мяне запрасіў знаёмы з універсітэта.

Відэа Еўрарадыё

Еўрарадыё: Чаму вырашылі ўдзельнічаць у гэтай акцыі?

Лона Крыцкая: Першапачаткова я пайшла на гэтую акцыю, таму што нічога дрэннага ў георгіеўскіх стужках не бачыла. Іх насілі ў маім горадзе Лепелі на 9 траўня, гэта заўсёды быў знак Перамогі, людзі да яго добра ставіліся, я і сама да яго пазітыўна ставілася. Таму я і вырашыла пайсці на гэтую акцыю.

Калі мы прыйшлі, пачалі раздаваць гэтыя стужкі, людзі падыходзілі самі, прасілі. Ля Палаца Рэспублікі праходзіў канцэрт, мабыць, прысвечаны Дню Перамогі, і асабліва пажылыя казалі нам дзякуй, віншавалі з надыходзячым святам, былі пазітыўна настроеныя.

Былі, вядома, і тыя, хто адмаўляўся, казалі, што стужкі трэба выкінуць. Мы не разумелі, чаму так.

Калі вярнуліся ў штаб арганізацыі, нам патлумачылі, чаму так, чаму людзі былі супраць. Мы потым і самі ў інтэрнэце знайшлі інфармацыю, і зразумелі, што вельмі дваякая сітуацыя з гэтымі стужкамі.

Сутнасць гэтай акцыі, як я для сябе зразумела, — раздаць стужкі і нагадаць сваім суайчыннікам, што, вось... Не ведаю, як выказаць свае думкі.

Активистка “Руси молодой”: “Очень двоякая ситуация с георгиевскими ленточками”
Фота з сацыяльных сетак Лоны Крыцкай.

Еўрарадыё: Вам заплацілі?

Лона Крыцкая: Не, мы валанцёры, усё на добраахвотнай аснове.

Еўрарадыё: Як вы думаеце, чаму ў сацсетках многія паставіліся негатыўна да гэтай акцыі?

Лона Крыцкая: Я зразумела, што кожны сам прымае рашэнне, як да георгіеўскай стужкі ставіцца. Так, можна зразумець людзей, якія супраць. Я зразумела, што пасля Украіны іх права — прымаць яе як нешта дрэннае. Тыя людзі вінаватыя, якія былі агрэсарамі ва Украіне, што яны зганьбілі гэтую стужку.

Я ведала паверхневыя моманты, але не паглыблялася ў гісторыю. Нам паказалі прэзентацыю, праінфармавалі, распавялі толькі добрае. Нам казалі, што хацелі забараніць... Я ставілася да гэтай стужкі, як да нечага станоўчага. Мне было крыўдна, што тыя, хто пісаў негатыўныя каментарыі, не прымаюць той факт, што мноства людзей "за" гэтыя стужачкі. І гэтыя людзі агрэсараў з Украіны прымаюць дрэнна, таму што тыя выставілі стужчку ў дрэнным святле.

Активистка “Руси молодой”: “Очень двоякая ситуация с георгиевскими ленточками”
Лона Крыцкая — першая злева. Фота з сацыяльных сетак

Еўрарадыё: І справа не толькі ва Украіне, гістарычна гэта не знак...

Лона Крыцкая: Я чытала ў інтэрнэце, што ў часы Вялікай Айчыннай вайны георгіеўскія стужкі таксама ўпрыгожвалі ордэны. Я, праўда, цяпер не скажу, якія.

Цяпер я хацела б нейкі нейтралітэт прыняць да георгіеўскай стужкі, таму што можна зразумець абодва бакі — бок Украіны і Расіі. Я правільна разумею, так? Наогул, Беларусь у такім становішчы, што яна павінна заставацца дзесьці паміж, каб не выклікаць агрэсіі з абодвух бакоў.

Активистка “Руси молодой”: “Очень двоякая ситуация с георгиевскими ленточками”
Каментарый з пабліка "Мая краіна Беларусь", куды запосцілі відэа.

Еўрарадыё: Ці плануеце далей удзельнічаць у дзейнасці "Русі Маладой"?

Лона Крыцкая: У гэтай арганізацыі мноства добрых, станоўчых акцый. Яны раздавалі кветкі жанчынам на 8 сакавіка. Вельмі шмат добрых, станоўчых акцый, якія дораць усмешку. Чаму б і не? Мне падабаецца прыносіць хоць часцінку шчасця, хоць маленькую ўсмешачку людзям.

Я баюся што-небудзь казаць, на афіцыйным сайце ўсё напісана. Мае словы могуць няправільна данесці. Лепш пачытаць на афіцыйным сайце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі