Вы тут

Акцыяніст Аляксей Кузьміч: з'ехаўшы з Беларусі, я страціў свайго ворага

Мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч

Жнівень 2020 года ў Аляксея Кузьміча праляцеў імкліва. У дзень выбараў — акцыя "Філістарскі свет палітычных жывёл": мастак намаляваў на выбарчым бюлетэні фалічны сімвал, прымацаваў сабе на грудзі і скінуў з сябе ўсё, акрамя набедранай павязкі. Удзень ён правёў гэты перформанс на выбарчым участку, увечары — перад строем сілавікоў са шчытамі і агнястрэлам у руках.

На наступны дзень яго забралі ў міліцыю, потым — у ізалятар. Наступныя некалькі дзён Кузьміч пражыў у сяброў, потым даведаўся пра выклік у Следчы камітэт. Перапоўненае падзеямі лета скончылася ў Кіеве, куды мастак з'ехаў 1 верасня.

За мінулыя месяцы Кузьміч пабываў у Варшаве, Парыжы, Берліне. І ўсюды яму не хапала аднаго — ворага.

Турыст, а не мастак

Еўрарадыё: Пасля акцыі 9 жніўня былі нейкія праекты?

Аляксей Кузьміч: Цяпер як мастак я выпаў з кантэксту. Я ідэнтыфікую сябе, хутчэй, як турыст. Пакуль што зусім не бачу, чым заняцца як мастаку. Нічога мяне асабліва не чапляе, не кранае. Іншая сітуацыя была ў Беларусі, дзе я бачыў масу праблематыкі, з якой можна працаваць.

Тут я страціў свайго ворага. Магчыма, знайду нешта новае, але на цяперашні момант у мяне няма жадання ствараць. Я ж не стаўлю палатно на мальберт. Я працую з кантэкстам. А я выпаў з кантэксту.

Контркультура — частка сучаснага мастацтва, але я сябе супрацьпастаўляю мастацкай супольнасці. І таму мне вельмі важна разумець, аналізаваць і глыбока даследаваць тую тэматыку, якой я займаюся. Таму я раблю дзве-тры акцыі ў год. Але раблю так, каб яны білі ў самае сэрца звера, з якім я змагаюся.

Аляксей Кузьміч на ўчастку для галасавання

Еўрарадыё: У Кіеве ж таксама можна знайсці тэмы для акцый.

Аляксей Кузьміч: Для мяне архіважнае асяроддзе, у якім я знаходжуся, важна разумець працэсы, якія адбываюцца. Я пажыў у Кіеве, і да мяне не прыйшло ніякіх думак. Нічога не магу з гэтым зрабіць.

Мяне часта клічуць паўдзельнічаць у фестывалях: "Аляксей, давайце перформанс зробім". Я кажу: я не перформер, я гэтым не займаюся. Я — акцыяніст. Адказваюць: "А, ну дык давайце тады акцыю". Гэта значыць, хочуць выкарыстоўваць як гастралёра, як клоўна — у дрэнным сэнсе гэтага слова.

Думаў эміграваць у вечар акцыі

Еўрарадыё: Чаму не можаце вярнуцца ў Беларусь?

Аляксей Кузьміч: Калі перасяку мяжу, хутчэй за ўсё, апынуся ў зняволенні.

Еўрарадыё: Калі ішлі на акцыю на выбарчы ўчастак, ужо разумелі, што давядзецца з'ехаць? Ад'езд быў спланаваны?

Аляксей Кузьміч: Зусім не спланаваны. Падчас падрыхтоўкі да акцыі я разумеў, што адказ улады можа быць даволі жорсткі. Адзін час думаў эміграваць у вечар акцыі: у мяне б атрымалася, бо два разы за дзень атрымалася сысці без затрымання.

 

Аляксей Кузьміч сыходзіць з участка для галасавання, пазбегнуўшы затрымання

Але потым я падумаў, што гэта не надта сумленна з майго боку. Для мяне важна адкрыта супрацьстаяць, а не хавацца за сценачкай. Да апошняга я не хацеў эміграваць — нават калі выйшаў з ізалятара на Акрэсціна.

Нейкі час дома не з'яўляўся, жыў у сяброў. На адрас, дзе жывуць бацькі, прыходзілі з міліцыі, хоць я сам па тым адрасе не прапісаны і не пражываю там ужо гадоў пятнаццаць. У нейкі момант я зразумеў, што давядзецца пакінуць краіну.

Многія людзі захацелі дапамагчы

Еўрарадыё: Як складваецца жыццё на эміграцыі?

Аляксей Кузьміч: Вядома, гэта няпроста, у першую чаргу з маральнага пункту гледжання. Мне грэх скардзіцца, у мяне ўсё добра: ёсць сябры, знаёмыя, я дастаткова медыйны. Знайшлося шмат людзей, якія захацелі мне дапамагчы, за што я ім вельмі ўдзячны.

Але я размаўляў з некаторымі людзьмі, ад якіх адвярнуліся і адвакаты, і фонды салідарнасці. Гаворка пра людзей, якія ўступалі ў беспасярэдняе супрацьстаянне з бандыцкай групоўкай, называнай уладай. Яны, магчыма, пераступалі рысу мірнага пратэсту, хоць не скажу, што здзяйснялі нейкія вельмі радыкальныя рэчы. Ад іх адварочваюцца, іх ігнаруюць.

Еўрарадыё: У Кіеве вы паспелі выступіць з лекцыяй пра беларускі акцыянізм. Аўдыторыю больш цікавіла мастацтва ці палітыка?

Аляксей Кузьміч: Тэма лекцыі была пра мастацтва, там мы размаўлялі менавіта пра яго. Але я шмат размаўляў з мясцовымі СМІ, асабліва ў першы час. Іх вельмі цікавіць сітуацыя ў Беларусі, і іх больш цікавіць палітыка, чым мастацтва.

Калі я прыехаў у Кіеў, сфатаграфаваўся на фоне беларускага сцяга-сапраўднага сцяга. Пасля гэтага на мяне напалі ўкраінскія журналісты. Толькі пасля некалькіх інтэрв'ю атрымалася трапіць да сяброў.

 

Лекцыя пра акцыянізм у Кіеве

Беларусы не едуць далёка

Еўрарадыё: Пажыўшы ў Кіеве, што скажаце — "хочаце як ва Украіне"?

Аляксей Кузьміч: Мне дастаткова камфортна ва Украіне. Тут больш месцаў, куды можна пайсці, больш тусовак, зносін. Першыя пару тыдняў я толькі камунікаваў з людзьмі, забаўляўся, а дадому прыходзіў пад раніцу. Потым зразумеў, што раствараюся ў тусоўках, што трэба іх абмяжоўваць.

Кіеў нашмат больш еўрапейскі горад, чым Мінск. Няма турэмнай атмасферы, няма пачуцця, што цябе могуць забраць.

Калі прыехаў, перш за ўсё пайшоў гуляць па горадзе. Наткнуўся адразу на тры розныя мітынгы, трошкі афігеў — у нас да гэтага лета праходзіла лічаная колькасць мітынгаў у год, а ў іх — тры мітынгі ў дзень. Гэта лічыцца нармальным, іх ніхто там не ганяе, не б'е. Такая свайго роду кіраваная анархія ў краіне.

Еўрарадыё: З беларусамі на эміграцыі маеце зносіны?

Аляксей Кузьміч: У асноўным ва Украіне я камунікаваў з украінцамі, але некалькі разоў і з беларусамі сустракаўся. У паловы — "Некста" ў смартфонах. Усе сумуюць па краіне, усе хочуць вярнуцца. І ніхто не з'язджае далёка — такая дзіўная тэндэнцыя.

 

Я месяц пасядзеў ва Украіне і зразумеў, што трэба ехаць далей, хоць планаваў, што ўжо праз пару тыдняў эміграцыі вярнуся ў Беларусь. А большасць хлопцаў і дзяўчат не едуць далей, сядзяць бліжэй да мяжы. Чакаюць моманту, калі можна будзе вярнуцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.