Афіцэры супраць Лукашэнкі — хто яны?

Прызначанне Валерыя Сахашчыка прадстаўніком Кабінета Святланы Ціханоўскай па абароне і нацыянальнай бяспецы стала адным з найбольш гучных вынікаў канферэнцыі "Новая Беларусь" у Вільні. Але Сахашчык — далёка не першы афіцэр, які выступіў супраць рэжыму Лукашэнкі. Найбольш гучныя імёны згадала выданне "Новы час".
 

Генерал-палкоўнік Павел Казлоўскі

Казлоўскі быў міністрам абароны Беларусі з 1992 да 1994-га, а потым адмовіўся супрацоўнічаць з лукашэнкаўскім рэжымам. Сам ён падчас міністэрскай працы паспеў зрабіць не самых лепшых крокаў: напрыклад, звальняць з арміі жаўнераў, якія ўваходзілі ў створанае Міколам Статкевічам Беларускае згуртаванне вайскоўцаў.

Пасля прыходу Лукашэнкі Казлоўскі пайшоў у апазіцыю — быў сябрам Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Потым, у 2001-м, спрабаваў удзельнічаць у выбарах, але няўдала, пасля чаго падтрымаў кандыдатуру Уладзіміра Ганчарыка.

Падчас выбараў 2010-га Казлоўскі быў даверанай асобай кандыдата Андрэя Саннікава.
 

Падпалкоўнік Мікола Статкевіч

Як ужо згадвалася, Статкевіч быў заснавальнікам Беларускага згуртавання вайскоўцаў у 1991-м. Гэты рух атрымалася сарганізаваць з суполак вайскоўцаў, якія ўваходзілі ў Таварыства беларускай мовы з 1989-га.

У 1995-м Статкевіч стаў старшынёй Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада. І на працягу дзесяцігоддзяў актыўна выступаў у апазіцыі.

Пасля выбараў 2010-га, на якіх Статкевіч быў адным з кандыдатаў, ён, як і некаторыя іншыя, атрымаў турэмны тэрмін. Вызвалілі яго толькі ў жніўні 2015-га, пасля чаго палітык не спыніў дзейнасці.

Зноў Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020-га. Потым яму прысудзілі 14 гадоў пазбаўлення волі па "справе Ціханоўскага".
 

Генерал-лейтэнант Мечыслаў Грыб

Грыб узначаліў Вярхоўны Савет Беларусі ў студзені 1994-га — пасля адстаўкі Станіслава Шушкевіча. Да абрання ў парламент ён працаваў у міліцыі, а ў Вярхоўным Савеце ўзначаліў камісію па пытаннях нацыянальнае бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю. Менавіта подпіс Мечыслава Грыба стаіць пад першай Канстытуцыяй Беларусі 15 сакавіка 1994 года. Як неаднаразова потым заяўляў генерал, "Я мог пастарацца не дапусціць усяго гэтага бязладдзя. Трэба было дамагчыся, каб першы прэзідэнт абіраўся Вярхоўным Саветам. Лукашэнка ніколі не быў бы парламентам абраны прэзідэнтам. Ніколі. У яго ніякага аўтарытэту не было".

У 1999-м стаў намеснікам старшыні партыі БСДП (Народная Грамада). У 2006-м узначальваў штаб кіраўніка сваёй партыі Аляксандра Казуліна. Працаваць з 1996-га Грыбу не дазволілі — звольнілі і з універсітэта, і з калегіі адвакатаў, куды ён прыйшоў пасля Вярхоўнага Савета.
 

Генерал-маёр Юрый Захаранка

Міністр унутраных спраў, які працаваў у камандзе Лукашэнкі, але не пагадзіўся выконваць злачынныя загады і быў адпраўлены ў адстаўку ў кастрычніку 1995-га.

Гэта быў афіцэр, якога паважалі не толькі падначаленыя, але і цывільныя, звычайныя беларусы. Адзначым таксама той факт, што падчас працы міністрам акурат яго падначаленымі быў здзейснены напад на дэпутатаў БНФ у Вярхоўным Савеце, калі іх жорстка збілі і вынеслі з залы паседжанняў. Пасля адстаўкі Юрый Захаранка займаўся стварэннем Саюза афіцэраў (арганізацыі, якая па сваіх мэтах была падобнай да Беларускага згуртавання вайскоўцаў, заснаванага Міколам Статкевічам). Генерал увайшоў у кіраўнічыя органы АГП. 7 траўня 1999-га Юрый Захаранка быў выкрадзены і забіты — магчыма, асобамі, якія адносяцца да "эскадронаў смерці" на чале з Дзмітрыем Паўлічэнкам. Паводле словаў Алега Алкаева, адказнага за "расстрэльны пісталет" у Валадарцы, існуе нават відэазапіс забойства Юрыя Захаранкі.
 

Генерал-маёр Валерый Фралоў

Палітычная дзейнасць Фралова распачалася ў 2000 годзе, калі яго прызначылі ў Палату прадстаўнікоў, створаную замест разагнанага Вярхоўнага Савета. Нечакана генерал стварыў дэпутацкую групу "Рэспубліка", што стала апазіцыйнай.

У 2004-м ён нават арганізаваў дэпутацкую галадоўку пратэсту супраць палітыкі Лукашэнкі, тым самым нагадаўшы пра падобны легендарны ўчынак апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ склікання ў 1995-м. Галадоўка была распачатая ў выніку неўнясення падрыхтаванага дэпутацкай групай законапраекта аб унясенні зменаў у выбарчае заканадаўства, а таксама адмовы рэжыму выпусціць палітвязня Міхаіла Марыніча (першага мэра Мінска). Валерый Фралоў выступаў за скасаванне зменаў у Канстытуцыю, паводле якіх Лукашэнка атрымліваў магчымасць балатавацца на трэці тэрмін.

У 2004-м генерал Фралоў далучыўся да БСДП (Грамада), якую тады ўзначальваў Мікола Статкевіч. Пасля быў абраны намеснікам старшыні сацыял-дэмакратаў і меў намер удзельнічаць у выбарах прэзідэнта 2006 года. Аднак Валерый Фралоў не змог назбіраць патрэбнай колькасці подпісаў і далучыўся да каманды свайго боса, новага старшыні БСДП (Грамада) Аляксандра Казуліна.

Фралоў памёр у 2014-м.
 

Падпалкоўнік Мікалай Казлоў

Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі, сёння Мікалай Казлоў знаходзіцца за кратамі па палітычнай справе.

Яго лёс перакруціўся ў 2008-м — на шараговым, як здавалася, мерапрыемстве: Мікалай Казлоў ахоўваў грамадскі парадак падчас выбараў у так званы парламент і стаў сведкам супрацьзаконных дзеянняў з боку старшыні выбарчай камісіі, калі тая разам з іншымі асобамі ўкідвала бюлетэні ў скрыню для галасавання. Для Мікалая Казлова гэта стала адкрыццём. Магчыма, раней, на яго думку, выбары адбываліся па народным волевыяўленні.

Падпалкоўнік напісаў пра гэта рапарт міліцэйскаму кіраўніцтву. Пасля таго, як адказу не дачакаўся, Казлоў паведаміў пра гэтае здарэнне ў медыя. У хуткім часе на аднаго падпалкоўніка ў міліцыі стала менш. Мікалай Казлоў увайшоў у АГП, а ў 2018-м стаў старшынёй адной з найстарэйшых партый Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.