Вы тут

АЭС ёсць, а энергію куды дзець? Праблемы інфраструктуры на прыкладзе аграгарадка

"Мадэрнізацыю інфраструктуры і будаўніцтва БелАЭС трэба было праводзіць паралельна" / Еўрарадыё

У аграгарадку Аздзяцічы Барысаўскага раёна мясцовыя жыхары для ацяплення і абагравання дамоў хочуць усталяваць электракатлы. Адна сям'я напісала ліст у Барысаўскія электрычныя сеткі з просьбай дазволіць такое ўсталяванне. З горада прыехалі спецыялісты, зрабілі ўсе неабходныя вымярэнні. Потым прыйшоў афіцыйны адказ — "тэхнічная магчымасць падключэння адсутнічае". Адмову матывавалі тым, што вялікую колькасць катлоў старая падстанцыя не пацягне.

— Палім дровы. А сёлета з дровамі пачаліся праблемы. Запісваемся ў лясніцтве на чаргу, каб прывезлі дровы. Даюць па адной машыне, а нам на зіму трэба чатыры машыны дроў, — расказвае Еўрарадыё жыхарка Аздзяціч, якая атрымала адмову на ўсталяванне электракатла. — А кацёл развязвае шмат праблем. Гэта ж трэба столькі дроў, іх трэба завезці, пашчапаць. Грошы амаль тыя самыя, а працы значна больш. Дый сіл у нас ужо асабліва няма, старасць не за гарамі.

Па словах жанчыны, сярод жыхароў аграгарадка нямала тых, хто хоча ўсталяваць электракатлы. У лісце ў адказ чыноўнікі прапануюць альтэрнатыўны варыянт: стварыць кааператыў і абнаўляць энергасістэму аграгарадка за свае грошы.

Давайце як-небудзь самі / Еўрарадыё

— Дзе такія грошы браць, які кааператыў? — дзівіцца жанчына. — Якія ў нас тут у калгасе заробкі, вы пра што гаворыце? Патрэбны шалёныя грошы, каб пабудаваць новую падстанцыю.

— Каб жыхары маглі паставіць электракатлы, трэба мяняць усю лінію, — адказвае Еўрарадыё Андрэй Голубеў, намеснік дырэктара Барысаўскіх электрычных сетак па агульных пытаннях. — Раней лініі будаваліся з разліку па тры кілаваты на дом. Калі гаварыць пра электраацяпленне і гарачае водазабеспячэнне пры дапамозе электракатлоў, то цяпер трэба каля 10-15 кілават на дом. Адпаведна, як мінімум трэба павялічваць трансфарматар і мяняць правады. А інакш сетка не вытрымае і ў дамах проста не будзе святла.

Усё будзе, але "дакладна не сёлета"

Ліст у адказ з Барысаўскіх электрасетак / Еўрарадыё

А калі вяскоўцы напішуць ліст з просьбай усталяваць падстанцыю і астатняе абсталяванне за кошт бюджэту? Дапамогуць ім ці не?

— У нас няма магчымасці гэта зрабіць для ўсіх, і гэта не толькі па Аздзяцічах. У нас ёсць грошы толькі за кошт тарыфаў на электраэнергію. На жаль, мы не можам за адзін раз задаволіць усе пажаданні нашых жыхароў, — працягвае Андрэй Голубеў. — Канкрэтна мы бюджэтнымі грашыма не распараджаемся. Але я думаю, што калі будзе дастатковая колькасць ахвотных людзей з гэтай вёскі, то яны могуць напісаць калектыўны зварот, маўляў, хочам падключыць электрычнасць для мэт ацяплення і гарачага водазабеспячэння, просім правесці рэканструкцыю лініі.

У час размовы з Еўрарадыё намеснік дырэктара ўдакладніў у спецыялістаў сітуацыю па Аздзяцічах. Аказваецца, калектыўны зварот ад жыхароў ужо быў.

— Так, праектная дакументацыя па рэканструкцыі лініі ў Аздзяцічах ужо распрацоўваецца, — адказвае чыноўнік. — Першы этап праектавання ўжо запушчаны. Як толькі будзе гатовы сам праект, мы будзем хадайнічаць аб тым, каб вылучалі грошы на рэканструкцыю і будаўніцтва.

Аднак Андрэй Голубеў кажа, што сёлета будаўніцтва адназначна не пачнецца. А што наконт наступнага года? Намеснік дырэктара не бярэцца абяцаць, "каб не падманваць людзей".

План ёсць, але не для Аздзяціч

БелАЭС пабудаваная, а куды дзець энергію, калі інфраструктура не ўсюды гатовая прыняць новыя магутнасці? Прэс-сакратар "Белэнерга" Аляксандр Малькоў кажа Еўрарадыё, што развіццё энергаструктуры Беларусі прадугледжанае ў "Перспектыўных планах рэканструкцыі электрычных сетак да жылфонду".

Аляксандр Малькоў / energo.by

— Цяпер гэта тэма, якая найбольш намі тлумачыцца. Якім чынам будзе ажыццяўляцца падключэнне электразабеспячэння ў сувязі з ростам электраацяпляльных нагрузак, якая чарговасць падключэння — усё гэта ёсць на сайце "Белэнерга".

Расказваем Аляксандру пра сітуацыю ў Аздзяцічах і разам глядзім на "Перспектыўныя планы".

— Канкрэтна гэтай вёскі я ў планах не бачу, — канстатуе прэс-сакратар. — Тут трэба пісаць запыт у "Мінскэнерга". Яны б паглядзелі, што там за сітуацыя. Што з трансфарматарам, якога ён года. Можа, ён яшчэ не вычарпаў тэрмін эксплуатацыі. У "Перспектыўныя планы" трапляе тое абсталяванне, тэрмін эксплуатацыі якога скончыўся.

300 кілавольтаў у разетку не засунеш

Дык усё-ткі ці гатовая энергетычная інфраструктура Беларусі прымаць магутнасці з БелАЭС?

— Раней былі нормы па вылучэнні электранагрузкі, якія дзейнічалі каля 60 гадоў. У вёсках гэтага нарматыву да апошняга часу ніхто не мяняў. Гэта непрадуманая сістэма, — каментуе Еўрарадыё інжынер-электрык, які прапрацаваў у энергаструктуры Беларусі доўгі час. — Спачатку, калі планавалі будаваць атамную станцыю, трэба было да гэтага рыхтавацца, пераводзіць нагрузкі, павялічваць сячэнне правадоў. Сёння атрымалася так, што насельніцтва не гатовае прыняць гэтую энергію.

Калі было прынята рашэнне пра будаўніцтва станцыі, усе павінны былі разумець, пачынаючы ад міністра энергетыкі, што ўсе мерапрыемствы трэба рабіць паралельна. У нас жа ёсць вялікія лініі. Ёсць, напрыклад, і 300 кілавольтаў. Але гэтыя 300 кілавольтаў нам не патрэбныя ў разетцы, нам трэба 220 вольтаў. Сёння інфраструктура размеркавання электраэнергіі ніжняга, гэта значыць бытавога, узроўню не гатовая. У яе трэба ўкласці грошы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.