Адкупіцца ад размеркавання для аграрыя — 154 мільёны, для энергетыка — 70

Выпускніца аграрнага каледжа ў Смілавічах судзіцца з адміністрацыяй установы: ёй налічылі 154 мільёны за чатыры гады навучання, бо выпускніца не хоча ехаць працаваць па размеркаванні. Хаця платнае каштуе тут 4 мільёны на год.

“Адразу ёй казалі, што навучанне каштуе 3,8 мільёна на год. А тут жа і каналізацыйныя расходы, утрыманне будынкаў, абслугоўванне, усё ўваходзіць у канчатковы кошт. Яны ж плацяць не толькі за тое, што выкладчыкі прыйшлі і правялі заняткі”, — расказваюць Еўрарадыё ў адміністрацыі аграрнага каледжа.

Тут дадаюць, што на год выплаціць грошы і не адпрацоўваць вырашае 1-2 чалавекі.

У Міністэрства сельскай гаспадаркі, якому падпарадкоўваецца аграрны каледж, выпускніца не звярталася.

“Зваротаў ад гэтай выпускніцы пра тое, што яна з чымсьці не згодная, не было. Не ў курсе пра гэтую сітуацыю”, — адказваюць у міністэрстве.

Не адпрацоўваць па размеркаванні пасля энергетычнага каледжа ўдвая танней, чым пасля аграрнага(!) І гэта пры тым, што каледж прэстыжнейшы і ў Смілавічы ехаць не трэба, навучанне ў Мінску.

“Гэта, як правіла, пасля года адпрацоўкі яны знаходзяць іншае месца працы. Некаторыя ў Расію едуць. У нас летась было каля 70 мільёнаў за ўсю адпрацоўку. А 154 для каледжа — гэта шмат”, — гавораць у адміністрацыі.

Выпускнікі архітэктурна-будаўнічага каледжа, каб адкупіцца ад размеркавання, плацяць яшчэ танней — 50 мільёнаў за ўсё навучанне.

“У нас даўно ніхто не адкупаецца. Мяркую, што зараз будзе 50 мільёнаў”, — падлічваюць у бухгалтэрыі каледжа.

Ва ўніверсітэце ж адкупіцца ад размеркавання і не ехаць на адпрацоўку зацягне крыху больш чым на 100 мільёнаў, у залежнасці ад універсітэта. Таксама крыху танней за аграрны каледж.

Летась каледжы і вучэльні выпусцілі 37 тысяч спецыялістаў. На працу па размеркаванні накіравалі 31 тысячу, але толькі 26 тысяч (87%) засталіся працаваць “маладымі спецыялістамі”, падлічвае Белстат.

Фота: rusrep.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі