Ад вуліцы Багдановіча да Камуністычнага тупіка

Вуліцы беларускіх гарадоў і мястэчак часта мянялі свае назвы. Кожны раз гэта адбывалася з розных прычын. Але асноўныя перайменаванні праходзілі з палітычнай нагоды.

Так, усе мы чулі пра вядомае змяненне назваў праспектаў Скарыны і Машэрава ў Мінску. Пра тое, чаму такія змены перманентна адбываюцца ў нашай краіне, разважае старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:


«Тут усё, канешне, залежыць ад менчукоў. Прывяду прыклад: я ў свой час быў дэпутатам ад Зялёнага Луга. Тады была вуліца Максіма Горкага. Мы сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў і дабіліся, каб з нагоды стогадовага юбілею пісьменніка вуліцу перайменавалі ў гонар Максіма Багдановіча.


І зараз людзі ўжо даўно забыліся, што была вуліца Горкага. У свой час спадар Лябедзька ды іншыя лідары апазіцыі заяўлялі аб намеры зрабіць рэферэндум наконт перайменавання праспекта Скарыны, ну і дзе зараз тая апазіцыя? Гэта рэальны прыклад, як завалілі добрую справу. Не можаце — не бярыцеся.


Таму гэта грамадская з’ява залежыць ад абыякавасці ці актыўнай пазіцыі грамадзян. Дзякуючы ТБМ, ужо пры існуючай уладзе, вярнуліся старыя назвы больш 20 вуліц».


У Баранавічах мясцовыя сябры “Маладога Фронту” распачалі акцыю “Сапраўднае імя”. Яны выступаюць за вяртанне старых назваў вуліцам горада. Пазіцыю актывістаў нам растлумачыў Яраслаў Грышчэня:


«Акцыя датычыцца кожнага грамадзяніна гэтага гораду. Мы жывем ужо сямнаццаты год не ў Савецкім Саюзе, але ўсё роўна ходзім па такіх вуліцах, як Камсамольская і Камуністычная. У гэты час вуліца Кастуся Каліноўскага знаходзіцца ў жудасным стане: там усё забруджана, няма ніякіх сметніц.


Нам не патрэбны такія вуліцы, як Савецкая; нам патрэбна вуліца Развадоўскага, чалавека, які заснаваў гэты горад. Нам не патрэбна вуліца Леніна; нам будзе больш прыемна хадзіць па такіх вуліцах, як Францыска Скарыны ці Незалежнасці. Зараз мы збіраем подпісы на гэту тэматыку. На дадзены момант сабрана ўжо больш за 300 подпісаў, і колькасць людзей будзе расці».


Вельмі паказальны ў гэтым сэнсе прыклад горада Маладзечна. Найноўшую гісторыю перайменавання назваў вуліц мястэчка расказвае карэспандэнт Еўрарадыё Зміцер Панямонаў:


«Магчымасць вярнуць маладзечанцам старадаўнія назвы вуліц з’явілася толькі на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Тады ўпершыню большасць месцаў у гарсавеце атрымалі дэпутаты дэмакратычнага кірунку. Была створаная спецыяльная камісія, у якую ўвайшлі такія вядомыя людзі, як гісторык Генадзь Каханоўскі і мастак Вячаслаў Палівода.


Так, вуліца Пушкінская вярнула сабе назву Гарадоцкай, якую яна мела ад 1450 году, Дзяржынскага — Вольнай, 60-годдзя Кастрычніка — Францыска Скарыны, плошча Свабоды — Старога Места. Усяго ж за час працы камісіі вярнулі свае былыя назвы альбо былі пазбаўленыя камуністычнага адценню ў гучаннні больш за 90 адсоткаў вуліц Маладзечна.


Як напамін, завулак Камуністычны перайменавалі ў Камуністычны тупік. Назоў вуліцы Чкалава мяняць не сталі. Як і вуліцы Машэрава і Маркава».


Цікавы выпадак адбыўся два гады таму ў невялічкай вёсцы Бярэзінскага раёну: адзін з жыхароў дабіўся перайменавання сваёй вуліцы. Зараз яна называецца вуліца Вітаўта Вялікага. Культуролаг Вацлаў Арэшка лічыць, што перад тым, каб прымаць пэўныя рашэнні аб перайменаванні назваў вуліц, трэба абавязкова раіцца з людзьмі, якія на іх пражываюць.


Вацлаў Арэшка: «З часоў Савецкага Саюзу перайменаванне вуліц заўсёды было актам палітычным. Назвы вуліц неслі моцную ідэалагічную нагрузку. Гэтая ідэалагічнасць захоўваецца і зараз, была яна і ў 90-я гады. Для сітуацыі незалежнасці, пабудовы дэмакратычных умоў, было вельмі важна пазбавіцца тады самых адыёзных назваў. Тое самае мы зараз бачым і ў эпоху лукашызму.


Таму я лічу, што перайменоўваць вуліцы, як бы гэта ні было складана і цяжка, усё роўна прыйдзецца яшчэ раз. Нельга навязваць людзям гістарычныя ці неапалітычныя назвы, калі ім гэтага не хочацца».


Так, некалькі год таму ў Мінску каля Цнянскага вадасховішча адну з вуліц перайменавалі ў Курапацкую. Але праз некаторы час жыхары звярнуліся да ўладаў з патрабаваннем адмяніць гэтае рашэнне. Людзям проста не захацелася жыць на вуліцы з такой жудаснай назвай. Мабыць, палітыкам сапраўды трэба адыйсці ад звычайнай дэмагогіі і перад тым, каб прымаць пэўныя рашэнні аб перайменаванні вуліц, спытаць людзей, якім там далей жыць.


static.flickr.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі