9 беларускіх прадпрыемстваў трапілі пад узмоцнены кантроль Рассельгаснагляду

Рассельгаснагляд вырашыў увесці рэжым ўзмоцненага лабараторнага кантролю да прадукцыі дзевяці беларускіх прадпрыемстваў. На сайце ведамства гэтая мера тлумачыцца "неадпаведнасцямі, выяўленымі пры правядзенні лабараторных даследаванняў прадукцыі жывёльнага паходжання".

Пад узмоцнены кантроль расійскіх экспертаў трапілі наступныя прадпрыемствы: 

ТАА "1-я Мінская птушкафабрыка". У мясе птушкі выявілі патагенныя мікраарганізмы, у тым ліку сальманелы;

СВК "Агракамбінат "Сноў". У паўфабрыкатах са свініны выявілі патагенныя мікраарганізмы, у тым ліку сальманелы;

ТАА "Акдзімол". У ялавічыне выявілі лістэрыі (два выпадкі);

ААТ "Магілёўскі мясакамбінат". У паўфабрыкаце з ялавічыны выявілі лістэрыі;

ТАА "Астражанскі-К" "Мясаперапрацоўчы камбінат". У ялавічыне выявілі лістэрыі. 

Акрамя таго, у беларускіх сырах быў выяўлены незаяўлены антыбіётык натаміцын альбо яго завышанае ўтрыманне. Спецыялісты Рассельгаснагляду заяўляюць, што на гэтым патрапіліся Валожынскі філіял Маладзечанскага малочнага камбіната, ААТ "Ашмянскі сыраробны завод" філіял ААТ "Лідскі малочна-кансервавы камбінат", філіял па вытворчасці сыроў ААТ "Рагачоўскі МКК", а таксама ААТ "Бабушкина крынка".