7 тысяч туркменскіх студэнтаў не змогуць пацвердзіць свае беларускія дыпломы?

Сустрэча пасла Туркменістана ў Беларусі са студэнтамі БДПУ / фота bspu.by
Сустрэча пасла Туркменістана ў Беларусі са студэнтамі БДПУ / фота bspu.by

У інтэрнэце з'явіўся спіс універсітэтаў свету, дыпломы якіх будзе прызнаваць Туркменістан. У ім усяго адзін беларускі універсітэт — БДУ. Спіс аформлены не на афіцыйным бланку, але ў Мінадукацыі Беларусі Еўрарадыё пацвердзілі, што дакумент сапраўды існуе.

Палова замежных студэнтаў, якія сёння вучацца ў Беларусі, — туркмены. Паводле афіцыйнай статыстыкі, іх 7749 з 15506 чалавек (дадзеныя за 2018 год). Бацькі студэнтаў, якія вучацца не ў БДУ, паднялі трывогу: цяпер яны не змогуць купіць валюту і пераводзіць дзецям грошы, каб аплаціць навучанне ў Беларусі?

Толькі топ-1000

Туркменскія студэнты не любяць журналістаў. Большасць тых, з кім звязалася Еўрарадыё, кажуць, што пра новаўвядзенні не чулі. Іншыя неахвотна каментуюць сітуацыю:

Адзінае скажу, што нашы студэнты могуць вучыцца [толькі] ў топ-1000 універсітэтаў свету. У прынцыпе, яны могуць вучыцца дзе хочуць, але не факт, што пры пацверджанні гэтых дыпломаў [у Міністэрства адукацыі Туркменістана] не ўзнікне пытанняў”, — кажа студэнт Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Студэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта распавядае, што туркменскія навучэнцы не вельмі разумеюць, што адбываецца. Але пацвярджае, што цяпер з усіх беларускіх ВНУ Туркменістан лічыць акрэдытаваным толькі БДУ.

У 2019 годзе прыняты закон, па якім туркменскім студэнтам можна вучыцца толькі ў гэтых ВНУ”, — перакладае студэнт надпіс над спісам акрэдытаваных універсітэтаў.

7 тысяч туркменских студентов не смогут подтвердить свои белорусские дипломы?

Па словах суразмоўцы, калі студэнт будзе вучыцца не ў БДУ, сваякі не змогуць перавесці яму грошы за вучобу, а іх банкаўскую картку могуць зусім заблакаваць.

“Бацькам кажуць адно, сярод студэнтаў — іншае”

Галоўны рэдактар сайта "Альтэрнатыўныя навіны Туркменістана" Руслан Мяціеў падтрымлівае кантакты са студэнтамі ў Беларусі, але таксама не спяшаецца каментаваць сітуацыю. Па яго словах, пакуль што студэнты і самі нічога не ведаюць напэўна:

У сеціве цыркулюе мноства розных дакументаў, большасць без пячатак і подпісаў. Ніводны дакумент не аформлены на афіцыйным бланку. Таму я пакуль і не бяруся за гэтую тэму, — гаворыць ён. — Студэнты пакуль у шоку. Ніхто нічога толкам не ведае. Бацькам кажуць адно, сярод студэнтаў — іншае. Думаю, праз пару тыдняў будзе яснасць. У Туркменістане ўсё могуць і заднім днём зрабіць. Няважна, з якога часу ўступаюць новыя правілы”.

“Вучацца і будуць паступаць і вучыцца”

У беларускіх ВНУ сітуацыю таксама каментуюць неахвотна. Дэкан медыцынскага факультэта замежных навучэнцаў БДМУ Алег Ішуцін распавядае Еўрарадыё, што іх патэнцыйных студэнтаў новаўвядзенні не тычацца.

Пра медыцынскі ўніверсітэт там нічога не напісана. У нас без праблем паступаюць туркменскія грамадзяне, вучацца і будуць паступаць і вучыцца. Абмежаванняў на БДМУ няма”.

Па словах Ішуціна, тыя студэнты, якія паступяць у БДМУ ў 2019 годзе і пасля скончаць яго, змогуць без праблем вярнуцца ў Туркменістан і працаваць там.

Першы прарэктар БНТУ Георгій Вяршына распавядае, што ва ўніверсітэце не спяшаюцца хвалявацца, таму што “пакуль гэта толькі размовы”. У Беларускім нацыянальным універсітэце вучыцца каля 200 студэнтаў з Туркменістана.

Нядаўна ў нас быў сход туркменскіх студэнтаў, ніхто ніякіх асцярог не выказваў. Афіцыйнай інфармацыі ў БНТУ няма, пакуль што гэта ўсё размовы. Па меншай меры на сённяшні дзень мы шчыльна працуем з пасольствам [Туркменістана].

Далей будзе відаць. Кажуць, што недзе вывешаныя нейкія аб'явы. Але афіцыйнай інфармацыі ад нашых туркменскіх калег яшчэ не паступала”.

У БДУ, дзе навучаюцца 422 туркменскія студэнты, яснасці таксама не дадалі, і параілі звяртацца па каментар у Мінадукацыі.

Гэтая пастанова прынятая Міністэрствам адукацыі Туркменістана. Я не ведаю, чаму яны выбралі менавіта БДУ. Міністэрства адукацыі ніяк не ўплывае на гэта”, — коратка пракаментавала прэс-сакратарка ведамства Людміла Высоцкая.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі