50 тысяч каталікоў прыйшлі пакланіцца Маці Божай Будслаўскай (Фотарэпартаж)

Вернікі з дзевяці краін дабіраліся да Мядзельшчыны пешшу, на роварах і матацыклах. 1 і 2 ліпеня на Мядзельшчыне праходзіць традыцыйны Будслаўскі фэст. Сёлета да іконы Маці Божай Будслаўскай прыйшлі каля 50 тысяч чалавек з Беларусі, Польшчы, Нямеччыны, Украіны, Расіі, Італіі, ЗША і краін Балтыі, перадае БелаПАН.

Каля 2,5 тысяч паломнікаў прыйшлі пешшу. Вернікі прыбывалі ў Будслаў таксама на роварах, матацыклах, адзначае “Наша Ніва”.

У фэсце ўдзельнічаюць мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтак, апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Марцін Відовіч, усе біскупы Беларускай рымска-каталіцкай царквы, а таксама шматлікія ксяндзы.

Гісторыя Будслаўскай святыні пачынаецца ў 1504 годзе, калі Вялікі князь літоўскі Аляксандр падарыў пасяленне Буда віленскаму кляштару бернардынцаў. Бернардынцы раскарчавалі частку пушчы на беразе ракі і ў 1530 годзе паставілі там невялікую драўляную капліцу.





У канцы XVI стагоддзя ў Будславе ўжо існавалі касцёл і кляштар бернардынцаў. Тады ж з'явілася і знакамітая ікона Маці Божай. Спачатку яна належала мінскаму ваяводзе Яну Пацу, які прывёз яе з Рыма — як падарунак ад Папы Клімента VIII. Пасля смерці ваяводы святыня перайшла яго капелану. А той, у сваю чаргу, ахвяраваў яе касцёлу.



У гісторыі сучаснай Беларусі ўпершыню паломніцтва да Будслаўскай іконы было здзейснена ў 1992 годзе. А 2 ліпеня 1998 года адбылася афіцыйная цырымонія каранавання іконы-легенды.








Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі