34 падлеткі збеглі з закрытай спецвучэльні ў Магілёве

Інцыдэнт здарыўся 26 верасня ў спецвучэльні №2 закрытага тыпу, інфармуе TUT.by. У гэтай установе ўтрымліваюцца “цяжкія” падлеткі. Паводле намесніка дырэктара па рэжыме спецвучэльні Валерыя Баравікова, уцёкі былі здзейсненыя каля 18.00 у часе перапынку. Хлопцы проста сарваліся з месца, пераскочылі праз агароджу і кінуліся наўцёкі. Усё адбылося ў лічаныя секунды.

Супрацоўнікі ўстановы проста нічога не змаглі зрабіць — там няма аховы са спецсродкамі, якая можа ўправіцца з натоўпам некіраваных падлеткаў.

Валерый Баравікоў таксама кажа, што небяспека ўцёкаў выспявала даўно і кіраўніцтва спецвучэльні неаднойчы інфармавала пра гэта міліцыю. У Магілёў перавялі некаторую колькасць навучэнцаў з Крывічскай спецвучэльні №3, дзе падлеткамі практычна не займаліся. Гэтыя хлопцы раней ужо здзяйснялі самавольныя сыходы. На думку Баравікова, гэта магло паўплываць на магілёўскіх навучэнцаў. Да таго ж пасля летніх канікул многім захацелася свабоды.

Большасць уцекачоў затрымалі ў Магілёве і ваколіцах горада. Некаторыя вярнуліся самі. Яшчэ 12 чалавек шукаюць.

Гэта ўжо трэція ўцёкі навучэнцаў са спецвучэльні №2.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі