30 кастрычніка 1988 года ўпершыню адкрыта быў узняты бел-чырвона-белы сцяг

20 гадоў таму ў Беларусі адбылася першая масавая антыкамуністычная акцыя. Тысячы мінчукоў пад кіраўніцтвам руху "БНФ "Адраджэньне" накіраваліся да ўрочышча Курапаты, дзе ў гады сталінізму савецкія ўлады знішчылі тысячы бязвінных ахвяраў.
Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, які ўдзельнічаў у той акцыі, прыгадвае, што найбольш яму запомнілася ўзняцце бел-чырвона-белага сцяга.

“Тады ўпершыню публічна быў узняты бел-чырвона-белы сцяг. Ён потым праз тры гады залунаў над Домам ураду. Дагэтуль мы яго трымаем у сваіх руках і спадзяемся, што ў бліжэйшыя гады ён зноў вернецца на Дом ураду”.

Да гэтай акцыі падобных мітынгаў ніколі не праводзілася. Таму ніхто, паводле слоў Віктара Івашкевіча, не верыў, што можа сабрацца шмат людзей.

“Кожны, хто туды ішоў, не ведаў, колькі збярэцца людзей. Кожны думаў, што прыйдзе толькі ён адзін ці некалькі чалавек. І раптам усе ўбачылі, што такіх як яны шмат, і гэта вельмі натхніла”.

Дарэчы, супраць удзельнікаў акцыі 1988-га года ўлады накіравалі міліцыю і ўнутраныя войскі, якія для разгону дэманстрантаў ужылі газ "Чаромха".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі