2morrow2late. "Songs That Make You Happy"

120530 Agljadacha.mp3

Прааналізаваўшы амерыканскую альтэрнатыўную спадчыну апошніх 20 гадоў, гурт 2morrow2late запісаў не тое каб разнапланавую, але даволі моцную і адрэналінавую пласцінку пад смелай назвай "Songs That Make You Happy". Як запэўніваюць самі музыкі – песні альбома насамрэч змаглі зрабіць іх шчаслівымі, таму 2morrow2late спадзяюцца, што кожны, хто праслухае альбом, атрымае і сваю долю эндарфінаў.

Распачынаецца пласцінка драйвовай "Lite My Fire" з агрэсіўнымі шчыльнымі гітарамі, якія, дарэчы, суправаджаюць слухача цягам альбома, даючы перадыхнуць толькі на рэдкіх лірычных адступленнях у выглядзе "медлякоў".

2MORROW2LATE - Songs That Make You Happy - 01 Lite My Fire.mp3

Варта адзначыць, што "Songs That Make You Happy" запісаны вельмі якасна: чысты гук, добры вакал, шчырая вера ў музыку, якую 2morrow2late усё ж узяліся граць. Але нават праслухаўшы альбом некалькі разоў, цяжка вылучыць песні-хіты дэбютніка, якія адразу трывала чапляюцца за вуха. Хіба што "Fall Apart" і "Rain". Экспрэсіўную "Fall Apart", дарэчы, 2morrow2late называюць сваёй візітоўкай – менавіта гэтую песню часцей за ўсё замаўляюць на канцэртах каманды.

2MORROW2LATE - Songs That Make You Happy - 04 Fall Apart.mp3

За ёю ідзе прыгожая і меладычная "Rain" з фонавым шумам дажджу, акустычнай гітарай на пачатку песні і нечаканымі клавішамі ў пройгрышы. У гэтай кампазіцыі рамантычна-меланхалічныя чары гурта трапляюць у цэль – можна адчуць сябе непаўналетнімі юнакамі, закаханымі першы раз у жыцці. І хоць "Rain" – усяго толькі лірычнае адступленне на пласцінцы, а не яе базіс, відавочна, што 2morrow2late адчуваюць сябе камфортна ў гэтым дажджлівым нуары.

2MORROW2LATE - Songs That Make You Happy - 05 Rain.mp3

Завяршае "Songs That Make You Happy" тягучая і атмасферная песня-лабірынт "Light In Your Eyes". Адзінае, чаго ёй крыху не хапае – як і, мабыць, альбому ўвогуле – гэта сапраўднага напору і хаця б крыхі агрэсіі ў вакале.

2MORROW2LATE - Songs That Make You Happy - 11 Light In Your Eyes.mp3

Што тычыцца планаў на будучыню, у дадзены момант 2morrow2late займаюцца пошукам студыі і ў бліжэйшы час абяцаюць заняцца запісам ЕР, у які ўвойдуць 4-6 трэкаў.

"Увогуле, мы не любім, калі ўсё аднолькавае, як гурт Cannibal Corpse, у якіх, можа, 20 альбомаў і ўсе аднолькавыя, – распавядае вакаліст і гітарыст гурта Зміцер. – Мы любім развіццё і робім нешта новае. Наш новы матэрыял будзе, хутчэй за ўсё, лайтовейшым, а таксама больш цікавым як па аранжыроўках, так і музычна. Будзем развівацца!"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі