Вы тут

Аkute падтрымалі Вольскага, Вайцюшкевіча і Міхалка, якія не спяюць ля Опернага

Фота Еўрарадыё

Магілёўскі гурт Аkute абвясціў, што 25 сакавіка плануе сыграць два канцэрты — у Мінску каля Опернага тэатра, і ў родным Магілёве.

"Магілёўскі выступ на 25 сакавіка мы запланавалі яшчэ ў мінулым годзе, і пасля прапановы арганізатараў з Мінска мы даволі доўга шукалі лагістычныя магчымасці ўдзелу адразу ў двух мерапрыемствах. Варыянт пераносіць канцэрт у родным горадзе нам ніяк не падыходзіў. Але, дзякуючы сур’ёзнаму падыходу арганізатараў мінскага свята, гурт вырашыў узяць удзел і ў святкаванні стоых угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі ў Мінску ля Опернага тэатру, і ў Магілёве, як і было запланавана", — гаворыцца ў заяве музыкаў.

Па іх словах, беларусы мусяць разумець, што магчымасць адсвяткаваць стагоддзе БНР павінны мець не толькі мінчукі, але і іншыя беларусы. Таму  перадаюць словы падтрымкі калегам, якія не змогуць раздзяліць радасць свята ў гэты дзень у Мінску:

"Мы выказваем словы падтрымкі Лявону Вольскаму, Зміцеру Вайцюшкевічу, Сяргею Міхалку і ўсім астатнім музыкам, папярэднія канцэртныя планы якіх не дазваляюць прысутнічаць у сталіцы 25 сакавіка. Лічым, што ўсе павінны ўсведамляць, што Беларусь не заканчваецца за МКАДам, і жыхары іншых гарадоў таксама павінны мець магчымасць правесці 25 сакавіка ў фармаце сапраўднага свята".

Апроч Аkute, на канцэрце ля Опернага тэатра выступяць Dzieciuki, Юрый Стыльскі, Ігар Варашкевіч і іншыя.