2009: Арамнаў звазіў матулю ў Хургаду, а Ялфімаў стаў магістрам!

Чыноўніца Таццяна Кібіна і палітык Аляксей Янукевіч, спявак Пётр Ялфімаў і хлопчык Юра Дземідовіч, штангіст Андрэй Арамнаў і футбаліст Сяргей Крывец, нарэшце, піяршчык лорд Бэл... Еўрарадыё прыгадала беларусаў і лордаў, якія цягам 2009 года звярнулі на сябе ўвагу станоўчымі ці скандальнымі ўчынкамі Калі б у Беларусі складалі рэйтынг самых вядомых чыноўнікаў, дык у жніўні 2009 года яго б з вялікім адрывам узначаліла сціплая супрацоўніца Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Таццяна Кібіна. Яна прыцягнула да сябе ўвагу як аўтар Пастановы №991 Саўміна, супраць якой беларускія прадпрымальнікі паднялі сапраўдны бунт. Скандальны дакумент быў адменены праз тыдзень пасля прыняцця, і тады ж Еўрарадыё высветліла, што Кібіна да яго складальнікаў дачынення не мае:

Таццяна Кібіна: “Таццяна Іванаўна – я, калі вас гэта цікавіць! Але я не з’яўляюся аўтарам пастановы, і таму са мной проста няма аб чым размаўляць!”

Зміцер Глінскі: Ёлкі! Дык навошта ж вас тады ўпісалі туды???

Таццяна Кібіна: “Ведаеце, не важна, што мяне ўпісалі! Хіба вам цікава як схема працуе – чаму і каго і куды ўпісваюць?”

Зміцер Глінскі: Але сэнс у тым, што ў сувязі з аўтарам пастановы толькі вашае прозвішча і ўзгадваюць, і таму...

Таццяна Кібіна: “...пра мяне шмат цікавага пішуць. Ну і што цяпер? Застрэліцца? Што зробіш, што такі парадак і трэба некага ўказаць. Далей што?”.

Таццяна Кібіна не згубіла сваёй пасады і працуе ў тым жа кабінеце, што і паўгода таму. Але ўвага журналістаў настолькі ёй абрыдла, што яна не захацела размаўляць з Еўрарадыё нават пра Новы год:

Таццяна Кібіна: “Прабачце, але я на гэтую тэму размаўляць не буду”.

У Андрэя Арамнава 2009 год атрымаўся самым скандальным у жыцці. Ён два разы трапіўся за рулём нападпітку і збіраўся ўзяць крэдыт, каб аддаць штраф — 5 мільёнаў рублёў. А калі яго пазбавілі прэзідэнцкай стыпендыі, казаў, што няма чым плаціць “за кватэру”. Ды яшчэ траўма, праз якую пераможца апошніх Алімпійскіх гульняў прапусціў сёлетні Чэмпіянат свету...

Праўда, па словах спартоўца, стыпендыю ён нядаўна пачаў атрымліваць нанова, і пасля траўмы ўзнавіўся. Таму пра мінулы год імкнецца ўзгадваць толькі добрае:

Андрэй Арамнаў:
“Чым мне запомніцца 2009 год? Найперш тым, што я ўсё ж такі трапіў з сям’ёй у Егіпет. І адпачыў! Гэта вы ўяўляеце — я звазіў у Хургаду матулю, свайго брата, пляменніка, маю каханую дзяўчыну...

І толькі што я нават не мог падысці да тэлефона, таму што купаўся. Я ж на пляжы цяпер!”



А Новы год Андрэй Арамнаў будзе адзначаць традыцыйна — са сваякамі:

Андрэй Арамнаў: “З сям’ёй буду адзначаць. Будуць хатнія, традыцыйныя стравы... Мы абавязкова і елачку аздабляем, і падарункі рыхтуем адно аднаму.

З сябрамі можна сустрэцца ў любы іншы час. А Новы год — гэта свята для сям’і. Я ў гэты дзень са сваёй сям’ёй”.

Яшчэ адзін чалавек, якога ў 2009 годзе “пазбавілі прэзідэнцкай стыпендыі” — гэта брытанскі pr-мэнэджэр сэр Цімаці Бэл. У жніўні 2008-га лорд заключыў кантракт з беларускім урадам і пачаў “піярыць” Беларусь. Праз 12 месяцаў кантракт скончыўся, і... жадаючых працягнуць яго не знайшлося!



Калі прэзідэнт упершыню з’явіўся на публіцы са сваім малодшым сынам Мікалаем — усе адчулі магутнасць брытанскага піяру. Але ў інтэрв’ю Еўрарадыё лорд Бэл прызнаўся, што гэта была не яго ідэя. Чым нас надзвычай здзівіў:

Цімаці Бэл:
“Я ўвогуле не маю ніякага дачынення да гэтага. Я ніколі не раіў такога, гэта была яго ідэя”.

30 чэрвеня 2009 года Аляксею Янукевічу споўнілася 33 гады. Узрост Хрыста — час этапных падзеяў. Праз два месяцы малады палітык узначаліў Партыю БНФ — старэйшую ў краіне. Аляксей Янукевіч здзівіў нас яшчэ і тады, калі сказаў, што абавязкова адсвяткуе Новы год з сябрамі. Але праз некалькі імгненняў дадаў, што да сяброў пойдзе толькі праз нейкі час пасля свята.

Аляксей Янукевіч: “Не люблю масавыя гулянкі, таму на вуліцу выбірацца не буду. Традыцыйна святкую новы год у коле сям’і. Абавязкова будзе стаяць елка! І захавалася такая старая савецкая традыцыя — ставіць пад елку Дзеда Мароза ды Снягурку. А калі дорым падарункі — дык выходзім за дзверы і пакідаем пакет на ганку, ля ўвахода, быццам бы прыходзіў Святы Мікалай ”.



Што цікава: святочны зварот прэзідэнта да беларусаў у сям’і Аляксея Янукевіча не глядзяць. Але ў апошнія імгненні ўсё ж уключаюць тэлевізар, каб узняць келіхі разам з усёй краінай.

Таксама ў сямейным коле адзначыць надыход 2010-га Пётр Ялфімаў. У 2009-м Беларусь адправіла яго на “Еўрабачанне” — як заўжды, перамагаць. А ён не перамог, як заўжды, чым не здзівіў нікога. Але маштабы яго “славянабазарскіх” пантоў і дзёрзкасць выказванняў у бок польскага рэжысёра Януша Юзэфовіча і кіраўніка беларускай дэлегацыі Аляксандра Ціхановіча ў Беларусі будуць памятаць яшчэ доўга:

Пётр Ялфімаў: “Ведаеце, на “Еўрабачанні” белы свет клінам не сыходзіцца, акрамя яго ёсць яшчэ цікавыя рэчы. Таму я зараз не разглядаю “Еўрабачанне” ўвогуле”.



Былі ў 2009-м і больш важныя падзеі, чым разборкі па матывах конкурса еўрапапсні, кажа Пётр Ялфімаў:

Пётр Ялфімаў: “Самае галоўнае — я скончыў магістратуру Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Цяпер я магістр мастацтвазнаўства. На сцэне Белдзяржфілармоніі адбыўся канцэрт, непасрэдна звязаны з заканчэннем магістратуры. У суправаджэнні двух аркестраў: сімфанічнага і народнага”.

Іншы ўдзельнік сёлетняга “Еўрабачання” (праўда, дзіцячага), 13-гадовы Юра Дземідовіч, здзівіў не толькі Беларусь, але і ўвесь інтэрнэт. А здзівіць інтэрнэт — гэта, я скажу вам, не жарты. На “YouTube” і “RuTube” яго хіт “Чароўны трус” праглядзелі каля 800 тысяч разоў. Карыстальнікі сусветнага сеціва зрабілі на яго некалькі кавераў, тэкст “Эціс, аціс, анімаціс!” аналізавалі спецыялісты па латыні і праваслаўныя святары...



Напэўна, Юра атрымае на Новы год шмат незвычайных падарункаў. Прынамсі, адзін — той, які падорыць хлопчыку яго мастацкі кіраўнік Уладзімір Глушакоў:

Уладзімір Глушакоў: “Ён яшчэ хлопчык, яму што падабаецца... Спорт: футбол, шахматы. Так што... Які-небудзь ад мяне будзе падарунак, вядома. Творчага плана”.

Такім падарункам мог бы стаць аўтограф паўабаронцы зборнай Беларусі Сяргея Крыўца, які пад самы Новы год здзівіў усіх пераходам з 6-разовага чэмпіёна Беларусі — барысаўскага БАТЭ — ў познаньскі “Лех”, які быў чэмпіёнам Польшчы ўсяго толькі... 5 разоў. І гэта за  87 гадоў існавання! Апошні раз — у 1993 годзе!



За дзесяць дзён да Новага года лепшы футбаліст Беларусі паспеў з’ездзіць у Познань і прымерыць футболку свайго новага клуба. Але на Каляды вярнуўся дадому, каб адсвяткаваць надыход 2010-га ў сваёй кватэры, дзе нядаўна скончыў еўрарэмонт. Сяргей з цяжкасцю прыгадвае падарункі, якія атрымліваў на Новы год:

Сяргей Крывец: “Дарылі... Шмат што: і сувеніры, і асадкі, і нават зубныя шчоткі! Але ўласна для мяне падарункі — гэта галаўны боль. Заўжды вельмі цяжка выбраць падарунак, бо хочацца падарыць што-небудзь неабходнае. І, хутчэй за ўсё, я буду на гэты Новы год дарыць што-небудзь з такіх неабходных рэчаў”.

Фота:
НОК Беларусі, "БелаПАН".
Калаж: Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі