200 дзён пратэсту: беларускі супраціў у фотаздымках і відэа

200 дзён пратэсту: беларускі супраціў у фотаздымках і відэа

25 лютага беларусы, якія не пагадзіліся з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, “адзначаюць” сімвалічны юбілей — 200 дзён пратэсту, які ў той ці іншай форме працягваецца ў краіне.  

Еўрарадыё прыгадвае самыя яскравыя кадры 200-дзённага супраціву рэжыму Лукашэнкі.

9 жніўня. Дзень асноўнага галасавання скончыўся выхадам дзясяткаў тысяч людей на вуліцы па ўсёй краіне ды жорсткімі разгонамі і хапунамі ад сілавікоў.

200 дзён пратэсту: беларускі супраціў у фотаздымках і відэа
Збянтэжаны сілавік, што разводзіць рукі над затрыманым, стаў мемам далёка за межамі Беларусі / Reuters

10 жніўня. Пратэсты не сціхлі, а жорсткасць сілавікоў толькі павялічылася.

200 дзён пратэсту: беларускі супраціў у фотаздымках і відэа
Акрываўленая майка збітага пратэстоўца “ператварылася” ў БЧБ-сцяг / Reuters

15 жніўня. Першай ахвярай пратэстаў стаў Аляксандр Тарайкоўскі — ён загінуў 10 жніўня каля станцыі метро “Пушкінская”. На шматлікіх аматарскіх відэа відаць, што Тарайкоўскі ішоў пагутарыць з сілавікамі з ўзнятымі ўгару рукамі, паказваючы, што ён бяззбройны. Нядаўна Генпракуратура прызнала, што ён памёр ад стрэлу сілавіка з “нелятальнай зброі”, а яго смерць назвала “трагічным збегам абставін”. Маўляў, сілавікі не ведалі сапраўдных намераў Тарайкоўскага, таму вырашылі такім чынам сябе аберагчы.

200 дзён пратэсту: беларускі супраціў у фотаздымках і відэа
Пахаванне Тарайкоўскага / Reuters

16 жніўня. Адна з самых масавых акцый за ўсю гісторыю сучаснай Беларусі — Марш Свабоды. Па розных падліках, на мірную дэманстрацыю ў Мінску пад БЧБ-сцягамі выйшла ад 200 тысяч чалавек. 

200 дзён пратэсту: беларускі супраціў у фотаздымках і відэа
“Электаральная меншасць” каля стэлы / Reuters

25 жніўня. У жніўні нядзельныя маршы ўлады не разганялі — спрабавалі “задушыць” альтэрнатыўнымі чырвона-зялёнымі акцыямі ў падтрымку Лукашэнкі. Няўдала. 

Са стрыму Еўрарадыё з праўладнай акцыі цяжка абраць адзін яскравы эпізод — там “смачнае” ўсё!

26 жніўня. Па буднях акцыі пратэсту не былі такімі масавымі, як у выхадныя. Галоўным пунктам збору ў Мінску была пляцоўка каля Чырвонага касцёла. На менш масавай акцыі сілавікам было прасцей  затрымліваць людзей. 

200 дзён пратэсту: беларускі супраціў у фотаздымках і відэа
Амапаўцы заблакавалі у касцёле людзей, якія схаваліся ад “хапуна”. У іх ліку быў і галоўны рэдактар Еўрарадыё, які вёў стрым з месца падзей / TUT.by

1 верасня. Пачатак навучальнага года суправаджаўся пачаткам пратэстаў студэнтаў: тысячы навучэнцаў сталічных ВНУ на працягу дня маршыравалі па Мінску, але ўвечары іх прадказальна разагналі сілавікі.

200 дзён пратэсту: беларускі супраціў у фотаздымках і відэа
Марш студэнтаў / dpa

3 верасня. На Студэнцкім маршы “завінцілі” не толькі студэнтаў, якія пратэставалі, але і шасцярых журналістаў незалежных СМІ. Праз два дні блізу 30 іх калег зладзілі акцыю салідарнасці каля будынка МУС. Яны патрабавалі сустрэчы з тагачасным міністрам Караевым, каб растлумачыць, у чым увогуле заключаецца праца журналістаў, але аўдыенцыі не атрымалі.   

200 дзён пратэсту: беларускі супраціў у фотаздымках і відэа
Журналістка TUT.by трымае ў руках плакат з цытатай Юрыя Караева / Еўрарадыё

19 верасня. У суботы традыцыйна праходзілі жаночыя маршы: больш масавыя, чым у будні, але не такія велізарныя, як нядзельныя. Не абыходзілася без хапуноў.  

200 дзён пратэсту: беларускі супраціў у фотаздымках і відэа
“Калі б Vogue выходзіў у Беларусі”, — жартавалі ў сацсетках з гэтай фатаграфіі / TUT.by

23 верасня. У Мінску праходзіць “таемная інаўгурацыя” Лукашэнкі. Людзі не сталі чакаць выхадных — масава павыходзілі пратэставаць увечары серады. 

На камеру Еўрарадыё трапіў эпізод з таксістам, што ратуе пратэстоўца ад сілавікоў.

4 кастрычніка. Восенню сілавікі вырашылі разабрацца з нядзельнымі маршамі — пачалі масавыя хапуны. У адну з нядзель па краіне было затрымана больш за 1000 чалавек. 

200 дзён пратэсту: беларускі супраціў у фотаздымках і відэа
З вадамёта, што зламаўся ды “страляў” таксама і ўгору, яшчэ доўга смяяліся беларусы / Рыдыё Свабода

12 кастрычніка. Увосень актывізаваліся пенсіянеры: некалькі тыдняў запар у панядзелкі яны выходзілі на Маршы мудрасці — з печывам, кветкамі і добрым настроем.

200 дзён пратэсту: беларускі супраціў у фотаздымках і відэа
Марш мудрасці / Еўрарадыё

15 лістапада. У двары “Плошчы Перамен” быў збіты невядомымі мясцовы жыхар Раман Бандарэнка. 12 лістапада ён прачытаў у дваравым чаце, што хтосьці зразае БЧБ-стужкі, і вырашыў разабрацца ў сітуацыі. “Я выходжу”, — апошняе, што напісаў хлопец у чаціку. Ад атрыманых траўмаў ён сканаў у лякарні на наступны дзень. У наступную нядзелю сотні людзей прыйшлі на месца збіцця Бандарэнкі, але “Плошчу” зачысцілі, а мемарыял з тысячамі кветак і лампадак ліквідавалі. За стрым з месца падзей журналісткі “Белсата” Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова атрымалі два гады калоніі.   

200 дзён пратэсту: беларускі супраціў у фотаздымках і відэа
Зачыстка “Плошчы Перамен”: людзі ахоўваюць мемарыял забітаму Раману Бандарэнку / Рaдыё Свабода

20 снежня. Улады працягваюць змагацца з “пратэставай сімволікай”, якая штодня з’яўляецца па ўсёй краіне: сцягі вывешваюць на дамах, на трансфарматарных будках і агароджах з’яўляюцца графіці, на дрэвах — стужкі. На знішчэнне ўсяго гэтага аператыўна выязджаюць цэлыя брыгады камунальнікаў, ратавальнікаў і “неабыякавых грамадзян”.

200 дзён пратэсту: беларускі супраціў у фотаздымках і відэа
Камунальнік дастае з лёду БЧБ-сцяг, які невядомыя “замарозілі” на рацэ / фота з сацсетак

24 лютага. Узімку пратэсты ў Беларусі перажываюць пэўнае зацішша — збольшага гэта адзіночныя акцыі, невялікія маршы на раёнах, вывешаная сімволіка ці плакаты.

200 дзён пратэсту: беларускі супраціў у фотаздымках і відэа
Сцягі, плакат і знічкі ў адным з двароў сталіцы / фота з сацсетак

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі